Свята ў дзіцячай вёсцы: новая гульнявая пляцоўка, літургія, канцэрт
- Падрабязнасці
- Катэгорыя: Навіны
- Апублікавана 18.11.2015 12:57
- Абноўлена 08.02.2018 19:24
Традыцыйны Дзень Анёла-Ахоўніка адзначылі ў гомельскай Дзіцячай вёсцы (Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). У інтэрнаце адбылася праваслаўная Літургія, якую правёў іерэй Свята-Траецкага храма айцец Мікалай Кадацкі, пасля чаго дзеці выступілі з канцэртам, а каталіцкія сёстры бэнэдыктынкі, якія апякуюцца дзецьмі, разам з персаналам падрыхтавалі салодкі стол.
Характэрна, што да свята ў Дзіцячай вёсцы з'явілася вулічная гульнявая пляцоўка, на якую збірала ахвяраванні Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць». Дырэктар арганізацыі Валянціна Казлова і ўвесь персанал дзякуюць тым, хто ахвяраваў грошы для дзяцей-інвалідаў, бо яны такім чынам развіваюцца, і вулічная гульнявая пляцоўка была вельмі неабходная. ТАА «100 гульняў» прадаставіла пляцоўку са зніжкай і бясплатна ўсталявала яе. Падчас свята айцец Мікалай асвяціў гульнявую пляцоўку.