Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” мае сваю больш як 100-гадовую гісторыю ў свеце і ў нашай краіне існуе на працягу 20 год. Карытас ад лацінскага caritas азначае міласэрную любоў. У сваёй працы мы ўдзяляем асаблівую ўвагу дзецям, дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі незалежна ад іх рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці.
«Карытас» Беларусь ( Caritas Belarus) быў заснаваны і афіцыйна зарэгістраваны ў 1990 годзе. Тады ж у 90-я гады на тэрыторыі Беларусі пачалося станаўленне і развіццё дыяцэзіяльных «Карытас» Спачатку асновай іх дзейнасці было размеркаванне гуманітарнай дапамогі па парафіям і сярод малазабяспечаных грамадзян. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС многія дабрачынныя арганізацыі, фонды і міжнародныя арганізацыі «Карытас» пачалі шукаць кантакты з блізкімі па дзейнасць арганізацыямі нашай краіны, а таксама дапамагаць і падтрымліваць арганізацыю самой структуры «Карытас».
Слова “карытас” было тады малавядомым, і падчас правядзення розных дабрачынных акцый і праграм часта прыходзілася тлумачыць мэты і задачы нашай арганізацыі, а таксама чаму, каму і як яна аказвае дапамогу. Паволі дыяцэзіяльныя арганізацыі развіваліся, набіраліся вопыту і станавіліся вядомымі сярод вернікаў і мясцовых жыхароў.
Найбольш вядомым праектам таго часу стала аздараўленне дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі ў Польшчы і Аўстрыі. Так, напрыклад, у межах праграмы па аздараўленні за мінулыя гады толькі ў Аўстрыі змаглі адпачыць звыш 11 000 дзяцей. Атрымалі вядомасць таксама такія праекты, як сталовыя для малазабяспечаных грамадзян, а таксама праект “Кухня на колах” – дастаўка абедаў на дом сумотным людзям альбо інвалідам. На пастаяннай аснове аказвалася дапамога дзіцячым дамам, бальніцам, інтэрнатам і г.д.
У 1999 годзе быў зарэгістраваны Нацыянальны “Карытас” Беларусь, які стаўся прадстаўніком усіх дыяцэзіяльных “Карытас” у міністэрствах і розных дзяржаўных установах, а таксама міжнародных арганізацыях, такіх як “Карытас Інтэрнацыяналіс” (Caritas Internationalis), «Карытас Еўропы» (Caritas Europe), «Рэнавабіс» (Renovabis) і іншых.
Асноўнымі праектамі і праграмамі “Карытас” Беларусь сталі арганізацыя адпачынку дзяцей, выпуск квартальніка “«Misericordia» (часопіс выдаваўся на працягу 14 год), арганізацыя і правядзенне адукацыйных праграм и трэнінгаў, вучэбна-метадычных мерапрыемстваў і стажыровак. Добрай традыцыяй сталася правядзенне штогадовага “Дня Карытас” у 3-ю нядзелю Вялікага Посту.
За гады сваёй дзейнасці Нацыянальны «Карытас» аб'яднаў усе дыяцэзіяльныя арганізацыі, яму таксама ўдалося наладзіць плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі сацыяльнымі цэнтрамі.
У цяперашні час актыўна распрацоўваецца канцэпцыя стратэгіі далейшага развіцця арганізацыі.