Аздараўленне дзяцей
Пры дапамозе замежных партнёраў для соцен дзяцей штогод ладзяцца культурна-адукацыйныя праграмы са шматдзетных, бедных сямей і дзяцей- сірот у розных краінах свету – Польша, Аўстрыя, Бельгія, Чэхія, а таксама Карытас арганізоўвае “Канікулы з Богам” і на тэрыторыі нашай краіны)
Дапамога дзецям-сіротам
Адзін з самых значных праектаў ў гэтай сферы – сумесны з дзяржавай праект Дзіцячай Вёскі для дзяцей сірот-інвалідаў, які дзейнічае з 2011 года. Будаўніцтва дзіцячага хоспіса рэалізавала рэлігійная місіяй дабрачынным таварыствам “Карытас» Пінскай дыяцэзіі на ахвяраванні міжнародных і мясцовых спонсараў. Гомельская дзіцячая вёска-хоспіс разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такіх умовах, а таксама дзякуючы сталым дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы.
Праект прадугледжвае стварэнне пяці асобных груп-сем’яў, кожная з іх будзе ўключаць максімум 12 чалавек. Звяном, што спалучае такую групу-сям’ю, стане сястра законная, якая разам з дапаможным персаналам будзе клапаціцца пра належны клімат выхавання і атуляць апекай жыццё дзяцей.
Узвядзенне аб’екта вялося на працягу 6 гадоў выключна на ахвяраванні веруючых і дабрачынных каталіцкіх арганізацый Нямеччыны, Італіі, Аўстрыі і іншых краін пры падтрымцы “Карытас”. Немалую частку ахвяраванняў пад дэвізам "Дзеці для дзяцей" сабралі для хоспіса нямецкія дзеці з арганізацыі "Зорныя спевакі". Удзельнічала ў зборы ахвяраванняў і евангельская моладзь Германіі.
Хоспіс – першы падобны праект у Беларусі. Ініцыятыва яго будаўніцтва ў Гомелі належыць пробашчу мясцовага рымска-каталіцкай парафіі ксяндзу Славаміру Ласкоўскаму. Ён бачыў, як працуюць такія хоспісы ў Польшчы, і марыў збудаваць такі ж у Беларусі.
Праект “Сэрца аддаю дзецям”
З’яўленне на свет немаўляці – гэта адзін з найбольш шчаслівых момантаў у жыцці бацькоў. Яны заўсёды намагаюцца ўберагчы сваё дзіця ад розных хваробаў і непрыемнасцяў. Але, на жаль, маюць месца выпадкі, калі дзеці становяцца для ўласных бацькоў непатрэбнымі, лішнім цяжарам.
Адной з вастрэйшых сацыяльна-эканамічных і псіхолага-педагагічных праблем у нашай краіне з’яўляецца праблема сацыяльнага сіроцтва – з’ява, пры якой дзеці застаюцца без бацькоўскай апекі пры жывых бацьках. Дзеці-сіроты, згодна з тэорыяй і практыкай педагогікі, ад самага пачатку з’яўляюцца цяжкімі дзецьмі, таму наладжванне іх побыту, наяўнасць густоўна абсталяваных месцаў для баўлення часу, момантаў псіхалагічнай разгрузкі і рэабілітацыі з’яўляюцца галоўнай умовай іх карэкцыі і адаптацыі да жыцця, выпрацоўкі правільных арыенціраў на сямейныя каштоўнасці.
Рэалізацыя праекта «Сэрца аддаю дзецям» ажыццяўляецца ў дзіцячых дамах і сацыяльных прытулках.
Галоўнай мэтай дадзенага праекта з’яўляецца стварэнне належных умоваў для кругласутачнага прабывання непаўнагадовых дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў рэабілітацыі.
Паводле гэтага праекта Карытас аказвае дзіцячым дамам і сацыяльным прытулкам дапамогу як у плане непасрэднага задавальнення патрэбаў дзяцей (набыццё адзення, абутку, прадметаў асабістай гігіены, бялізны, школьна-пісьмовых прадметаў, вітамінаў, салодкіх падарункаў), так і тую, што скіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы канкрэтнай установы (рамонт памяшканняў, набыццё мэблі і інш.).
Праект “Усынаўленне на адлегласці”
Мэтай праграмы «Усынаўленне на адлегласці» з’яўляецца ўдасканаленне асабовага развіцця дзяцей і падлеткаў з малазабяспечаных сем’яў у форме падтрымкі пазашкольнай актыўнасці, то бок – у паляпшэнні ўмоваў іх жыцця. Атрымаць дапамогу паводле дадзенага праекта могуць дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі або з сур’ёзнымі захворваннямі, таленавітыя, адораныя дзеці з маламаёмных сем’яў.
Мэтай праграмы з’яўляецца фінансавая і маральная падтрымка сям’і, у прыватнасці, праз навязванне сталых асабістых кантактаў беларускіх сем’яў з сем’ямі-апекунамі з Чэшскай Рэспублікі.
У межах дадзенага праекта для дзяцей і іх бацькоў Карытас пры спонсарскай падтрымцы чэшскага боку арганізоўвае Калядныя і Велікодныя сустрэчы, калектыўныя паходы ў кіно і пазнаваўчыя экскурсіі. І, канечне ж, асабліва незабыўны след у жыцці дзяцей пакідаюць паездкі ў Чэхію. Праграма адпачынку дзяцей у Чэхіі, падрыхтаваная Карытас Прага і чэшскімі сем’ямі, садзейнічае духоўнаму развіццю дзяцей.
Рэалізацыя гэтага праекта спрыяе частковаму вырашэнню праблем сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі.
“Дзіцячы пансіён”
У рамках гэтага кірунку працы Рэлігійная місія « Карытас» ужо шмат год супрацоўніічае з Дзяржаўнай установай «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі" Сумесная дзейнасць рэгламентуецца ўмовамі дамовы аб прадастаўленні бязплатнай (спонсарскай) дапамогі. Прадметам дагавора з'яўляецца магчымасць часовага бясплатнага пражывання 19 сем'яў (хворае дзіця і суправаджаючы) на тэрыторыі Цэнтра.
Транспарціроўку хворых дзяцей да месца лячэння і назад у «Дзіцячы пансіён» ажыццяўляе дзіцячая анкалагічная клініка.
Супрацоўнік “Карытас” з адпаведнай адукацыяй праводзіць комплексныя заняткі з выкарыстаннем методыкі музычнай тэрапіі і арт-тэрапіі.
Мэтамі заняткаў з'яўляюцца:
- стварэнне прыемных эмоцый для змякчэння ўзроўню стрэсу;
- стварэнне ўмоў для самавыяўлення сродкамі музычнай і выяўленчай дзейнасці;
- развіццё камунікатыўных здольнасцяў (навыкаў зносін і дыялогу ўвогуле);
- актывізацыя ўнутраных рэзерваў і магчымасцяў арганізма.
Таксама ў межах праекта праводзяцца святы для дзяцей і дарослых: «Дзень імянінніка", "Калядная сустрэча з Карытас», «8 Марта-свята мілых мам», «Падарожжа па краіне дзяцінства», псіхалагічныя гутаркі з бацькамі «Што дапамагае нам і нашым дзецям у аднаўленні здароўя »
Летнік для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі
Бацькі, якія выхоўваюць хворае дзіця, cутыкаюцца з праблемай інтэграцыі сваёй сям’і ў грамадства, і найперш – інтэграцыі дзіцяці. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі і іх сем’і, якія валодаюць багатым духоўным патэнцыялам, часта застаюцца ў адзіноце, без падтрымкі і разумення, і маюць вострую патрэбу ва ўвазе да сябе.
Карытас штогод арганізуе летні адпачынак для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў, што павышае ўзровень сацыяльнай адаптацыі і паляпшае псіхафізічны стан адных і другіх. У час адпачынку для дзяцей і іх бацькоў праводзяцца гульні, конкурсы, імправізаваныя пастаноўкі ля вогнішча, паходы на возера.
Падобныя мерапрыемствы – гэта не толькі апека над непаўнаспраўнымі, але і духоўнае ўзрастанне тых, хто імі апякуецца.
Праект “Прыняць такімі, якімі ёсць”
Жыццё на зямлі – ад Бога. І кожны чалавек, які прыходзіць на свет, нясе ў сабе Божы загад: жыць, нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці жыцця. Шмат людзей страчваюць здароўе ў маладым узросце або ўжо нараджаюцца інвалідамі. Як жа прымаць нечаканы паварот лёсу? Для кожнага інваліда і для тых, хто жыве з імі побач, – гэта вялікае выпрабаванне, фізічнае і духоўнае. Людзі, якія штодзённа перажываюць цярпенне, асабліва цэняць праяву дaбрыні і міласэрнасцi ад іншых. Карытас Віцебскай дыяцэзіі неабыякава ставіцца да інвалідаў.
Мэты праекта:
- адкрыццё груп дзённага прабывання на базе Віцебскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзяцей з самымі цяжкімі формамі парушэнняў псіхафізічнага развіцця;
- арганізацыя працы спецыялістаў Цэнтра, накіраванай на сацыяльную рэабілітацыю і адаптацыю дзяцей-інвалідаў;
- навучанне спецыялістаў Цэнтра і бацькоў дзяцей-інвалідаў новым метадам працы з дзецьмі;
- арганізацыя навучальных сустрэч для бацькоў;
- распрацоўка спецыялістамі Цэнтра новага метадычнага дапаможніка.
Было закуплена неабходнае абсталяванне для таго, каб Цэнтр змог працаваць. У рамках праекту спецыялісты з Віцебска былі запрошаны грамадскай арганізацыяй «Вільціс» (Літва) да ўдзелу ў семінарах па абмену вопытам. А ў сваю чаргу спецыялісты з Літвы і Аўстрыі ўдзельнічалі ў семінарах і канферэнцыі, якія праходзілі ў Віцебску.
Распачатая каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй справа міласэрнасці мае свой працяг. Карытас дорыць абяздоленым людзям святло надзеі, якая здольна ствараць у чалавечым жыцці цуд. 1 чэрвеня і 3 снежня ў памяшканні Карытас Віцебскай дыяцэзіі адбываюцца сустрэчы дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў з грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Сустрэчы прысвечаны міжнароднаму Дню абароны дзяцей і Дню інваліда. Падчас іх чытаюцца вершы, гучаць песні, вядуцца размовы пра планы на будучыню. Карытас рыхтуе святочны стол і салодкія падарункі. За кубачкам гарбаты пануе атмасфера дабрыні і цеплыні. Такія сустрэчы з'яўляюцца вельмі неабходнымі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў. Яны дапамагаюць інвалідам забыцца пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца кожны дзень, даюць магчымасць адчуваць сябе людзьмі, якія могуць весці паўнавартаснае жыццё, быць патрэбнымі іншым.
Праект «Святліца»
(г. Мар'іна Горка Пухавіцкага раёна).
Мэта: сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя дзяцей і падлеткаў з сацыяльна небяспечных сем'яў, прафілактыка сацыяльнага сіроцтва і правапарушэнняў.
Праз дадзены праект супрацоўнікі “Карытас” займаюцца арганізацыяй вольнага часу дзяцей і падлеткаў, фарміруюць станоўчага адносіны да вучобы, навыкаў самаарганізацыі. Мы імкнемся праз нашу працу правесці прафілактыку правапарушэнняў і падлеткавай злачыннасці, аднаўленне сямейных адносін, узмацненне ўзаемадзеяння паміж зацікаўленымі службамі і ведамствамі.