Традыцыйны Дзень Анёла-Ахоўніка адзначылі ў гомельскай Дзіцячай вёсцы (Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). У інтэрнаце адбылася праваслаўная Літургія, якую правёў іерэй Свята-Траецкага храма айцец Мікалай Кадацкі, пасля чаго дзеці выступілі з канцэртам, а каталіцкія сёстры бэнэдыктынкі, якія апякуюцца дзецьмі, разам з персаналам падрыхтавалі салодкі стол.

Характэрна, што да свята ў Дзіцячай вёсцы з'явілася вулічная гульнявая пляцоўка, на якую збірала ахвяраванні Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць». Дырэктар арганізацыі Валянціна Казлова і ўвесь персанал дзякуюць тым, хто ахвяраваў грошы для дзяцей-інвалідаў, бо яны такім чынам развіваюцца, і вулічная гульнявая пляцоўка была вельмі неабходная. ТАА «100 гульняў» прадаставіла пляцоўку са зніжкай і бясплатна ўсталявала яе. Падчас свята айцец Мікалай асвяціў гульнявую пляцоўку.

Тры гады таму праваслаўныя і каталікі пачалі сумеснае служэнне ў Дзіцячай вёсцы, пабудаванай каталіцкай дабрачыннай місіяй «Карытас – Міласэрнасць».

Нагадаем, унікальная для Беларусі дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 года. Пабудавана на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-каталікоў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Пяць асобных груп-сем'яў уключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-законніца Ордэна бэнэдыктынак-самарыцянак Крыжа Хрыстовага, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуецца жыццём дзяцей.

Паводле katolik-gomel.by

 

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы