Апошняя ў гэтым годзе Творчая майстэрня "Насустрач Божаму Нараджэнню" прайшла ў парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі Віцебскай вобласці. На гэты раз удзельнікамі сталі дзеці, якія наведваюць касцёл, а таксама выхаванцы ДУА «Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат Докшыцкага раёна».
Дзеці распісвалі імбірныя пернікі і размалёўвалі фанерныя фігуркі анёлкаў. Разам з тым яны распавядалі, як у іх у сем'ях рыхтуюцца да Божага Нараджэння і якія падарункі яны хацелі б атрымаць.
Дзеці са школы-інтэрната казалі пра тое, якія фільмы яны любяць глядзець, і чым ім падабаецца займацца. З вялікім задавальненнем яны распісвалі пернікі і радаваліся, што потым змаглі іх з'есці. Для гэтых дзетак было вельмі важна пачуць станоўчую ацэнку іх працы, і ўсе яны сапраўды заслугоўвалі такіх ацэнак.
Пернікі і анёлачкі ўва ўсіх дзяцей атрымаліся зусім рознымі, але ўсе яны былі аднолькава прыгожыя.
Мерапрыемства праходзіла ў рамках праекта "Выхаванне без гвалту", які рэалізуецца Карытас Беларусь.



