Мы працягваем весці размову, якую дапамогу аказвае Карытас Беларусь падчас пандэміі. На гэты раз нашым суразмоўцам аказаўся дырэктар рэгіянальнага Карытас Пінскай епархіі “Карытас-Міласэрнасць” у Гомелі кс. Юрый Варанко.
Нашыя пытаннi засталiся нязменнымi - якая канкрэтна дапамога аказваецца, як кс. Юрый ставіцца да магчымых зменаў, якія могуць здарыцца пасле пандэміі, што можна пажадаць тым, хто ўжо захварэў (а таксама іх родным…).
“Пандэмія закранула амаль усіх, але найбольш церпяць тыя, хто і так быў у няпростым становішчы: асобы з інваліднасцю, самотныя старэйшыя асобы, шматдзетныя сем'і. Акрамя гэтага пад ударам апынуліся працаўнікі сферы аховы здароўя і сацыяльных устаноў, такія як дамы-інтэрнаты і тыя, хто у іх знаходзіцца. Таму нашу падтрымку мы накіравалі менавіта ў гэтым напрамку. Ахапілі некалькі медыцінскіх установаў (туберкулёзны шпіталь і станцыю хуткай дапамогі ў Гомелі, а таксама санітарна-эпідыміялагічную станцыю ў Чачэрску). Падтрымалі Рагачоўскі дом-інтэрнат для асоб з псіханеўралагічнымі захворваннямі і асабліва пільна сочым за сітуацыяй і падтрымліваем нашу Дзіцячую вёску ў Гомелі, дзе таксама знаходзяцца дзеці і моладзь з інваліднасцю фізычнага і псіхічнага паходжання. Таксама праз парафіі Гомельскай вобласці (Гомель, Жлобін, Светлагорск, Рэчыца, Мазыр) аказваем дапамогу вышэйузгаданым асобам, найбольш пацярпеўшым ад эпідэміі каранавіруса.
Сярод маіх парафіянаў і сяброў ужо ёсць дастаткова шмат асобаў, якія перанеслі гэтую хваробу альбо хварэюць зараз. Таму даводзіцца размаўляць і разважаць над сэнсам і сутнасцю хваробы. Хачу ўсім, хто захварэў, перадаць словы падтрымкі: не бойцеся, захоўвайце моц духа і надзею. Няхай ваша вера будзе адказам на гэты выклік. Усім, хто страціў сваіх блізкіх, хачу выказаць шчырыя спачуванні, хоць і разумею, што словамі цяжка суцішыць боль ад страты любімага чалавека. Толькі надзея на жыццё вечнае можа дапамагчы ў гэтым. Не губляйце надзею!
На сённяшні дзень ужо дастаткова добра вывучаны механізм распаўсюду віруса і ёсць канкрэтныя парады адпаведных устаноў. Пры гэтым яны зусім не складаныя. Я лічу, што пры выкананні гэтых парад, можна адносна свабодна функцыянаваць у грамадстве. Згодны з тым, што расслабляцца рана і да выканання парад медыкаў трэба адносіцца сур'ёзна.
На маю думку, змены ў жыцці пасля пандэміі адбудуцца.. Я не бяруся рабіць прагнозы адносна эканамічных ці сацыяльных зменаў, але спадзяюся на змены ў святапоглядзе. Да гэтай пандэміі цяжка было ўявіць, што нешта можа змяніць нашы планы. Што адменяцца падзеі сусветнага маштабу: конкурсы, чэмпіянаты, алімпіяда... Уся гэта сітуацыя паказала, што чалавек - усё ж не ўсемагутны. Хочацца, каб усё гэта прынесла зразуменне, што адзіным нязменным і сталым, на каго можам спадзявацца без ніякіх сумненняў, з'яўляецца Бог. Гэта дазволіць зусім інакш сустракацца з такімі выклікамі, як пандэмія.
Раней ці пазней мы вернемся да ранейшага ладу жыцця. Зразумела, што хочацца, каб гэта адбылося хутчэй. З-за пандэміі прыпыніліся ці дзейнічаюць з абмежаваннямі некаторыя нашыя праекты (сустрэчы з маладымі інвалідамі, псіхалагічныя дапамога жанчынам у цяжкай жыццёвай сітуацыі). Спадзяемся, што мы зможам усё гэта аднавіць, а нашы дзеці і моладзь з Дзіцячай вёскі змогуць выкарыстаць летні час для звычайных для гэтага перыяду мерапрыемстваў. Таксама будзем сачыць за сітуацыяй, каб сваечасова прыйсці на дапамогу найбольш закранутым наступствамі эпідэміі,”– падзяліўся сваімі разважаннямі кс. Юрый Варанко.