Сітуацыя з каранавірусам пакуль выглядае не лепшым чынам. Усе мы з верай і надзеяй чакаем, калі перастанем чуць, што людзі працягваюць хварэць на каранавірус. Так, на зямлі шмат захворванняў, усе яны заслугоўваюць нашай увагі. І мы жадаем, каб ніводны вірус ці хвароба не краналі жыццё людзей.
Але зараз найбольш значным і складаным з’яўляецца каранавірус. Мы паразмаўлялі з дырэктарам Карытас Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэям Аніскевічам аб тым, якім чынам Карытас Віцебск дапамагае падчас пандэміі, што можна пажадаць тым, хто захварэў (а таксама іх родным), ці прыдуць у наша жыццё пасле пандэміі значныя змены (у сацыяльным, эконамічным і іншым накірунку) і якія праекты плануюцца?


“У канцы красавіка ў Віцебску мы дастаўлялі на дом прадукты харчавання людзям з інваліднасцю, якія знаходзяцца на самаізаляцыі.
Нашыя валанцёры, нават знаходзячыся на самаізаляцыі, хочуць дапамагаць. Пашытыя імі маскі мы ўжо перадалі ў Віцебскую гарадскую бальніцу №1, Віцебскую абласную бальніцу, Віцебскі анкадыспансер.
Дзякуючы нашым партнёрам з Карытас Прага, у пачатку мая мы закупілі прадукты харчавання, медыцынскія маскі і сродкі дэзінфекцыі для шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю (Віцебская дыяцэзія).
А таксама дзякуючы падтрымцы партнёраў з Карытас Лінц (Аўстрыя), Цэнтр часовага (начнога) знаходжання для бяздомных асобаў у Віцебску атрымаў сродкі індывідуальнай абароны: маскі, пальчаткі, антысептыкі.

У канцы мая, падчас дабрачыннай акцыі, арганізаванай пры фінансавай падтрымцы партнёраў з Карытас Лінц (Аўстрыя), усе парафіі Віцебскай дыяцэзіі атрымалі антысептыкі (усяго 1500 штук), а таксама маскі, рэспіратары і пальчаткі. Вышэйпералічаныя сродкі супрацьвіруснай абароны выкарыстоўваюцца для стварэння як мага больш бяспечных умоваў у нашых парафіях і святынях.

У пачатку чэрвеня, дзякуючы ахвяраванням людзей, Віцебская гарадаская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі атрымала ад Карытас Віцебскай дыяцэзіі супрацьчумныя касцюмы і медыцынскія маскі.

Людзі старэйшага ўзросту з хранічнымі захворваннямі і з інваліднасцю найбольш паддадзеныя рызыцы заражэння COVID-19. Мы перадалі Сялюцкаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў ахоўныя маскі, супрацьчумныя касцюмы і бактэрыцыдны апрамяняльнік для дэзінфекцыі памяшканняў. Захварэлым на каранавiрус і іх родным хачу пажадаць сіл і цярпення. А галоўнае - веры. Верыць у Бога Айца і хуткае выздараўленне.

На цяперашні момант большасць людзей сталі прасцей ставіцца да эпідэміялагічнай сітуацыі. Я часта назіраю, што многія людзі не карыстаюцца маскамі ў грамадскіх месцах, не выконваюць меры засцярогі. Магчыма, гэта і прыводзіць да негатыўных наступстваў і несуцяшальных паказчыкаў у нашай краіне.

Я лічу, што змены пасля пандэміі ў нашым жыцці, вядома, будуць. Усе пласты насельніцтва адчулі на сабе гэтую цяжкую сітуацыю. І змены ўжо адбыліся ў некаторых сферах жыцця. У першую чаргу, гэта датычыцца эканамічнай сферы. Я спадзяюся, што пасля эпідэміі ўсё вернецца ў ранейшы рытм i ўсё, як і раней, пачне функцыянаваць, у тым ліку і праца нашага цэнтра дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю.

Пасля заканчэння пандэміі Карытас Віцебск плануе працягваць працу над праектамі, які функцыянуюць на цяперашні час. А таксама з верасня 2020 года плануецца старт новага праекта "Будаўніцтва рэсурснага цэнтра для сацыяльнай інтэграцыі ў Віцебску, Беларусь" для аказання сацыяльнай дапамогі людзям з інваліднасцю, пенсіянерам, людзям з дэменцыяй, шматдзетным сем'ям, людзям у крызісных сітуацыях," - паведаміў кс. Андрэй Аніскевіч.

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы