У 2013 годзе дабрачыннае таварыства «Карытас» распачало нацыянальны праект для Беларусі «Валанцёры», мэта якога — сабраць і падрыхтаваць тых, хто хоча бескарысліва служыць іншым.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас», заснаванае на прынцыпе практычнай рэалізацыі каталіцкага сацыяльнага служэння, мае сваю больш чым 100-гадовую гісторыю, традыцыю і існуе амаль у 200 краінах свету.
Праца арганізацыі, якая вельмі часта здзяйсняецца на валанцёрскіх пачатках, накіравана на розныя сацыяльныя групы — дзяцей, моладзь, самотных і бедных асоб, шматдзетныя сем’і, хворых і інвалідаў.
Дадзены праект распрацаваны на некалькі гадоў, на працягу якіх будуць праведзены адпаведныя адукацыйныя мерапрыемствы: спачатку ад дыяцэзій будуць сфармаваны лідары груп, якія пройдуць належную падрыхтоўку, а пасля будуць на месцах дзяліцца ведамі і вопытам з іншымі, фармуючы групы на месцах і такім чынам пашыраючы колькасць валанцёраў. Дарэчы, кожны, хто жадае стаць валанцёрам, можа выбраць адпаведную сацыяльную групу і род заняткаў па душы.
Для ўдзельнікаў праекту распрацаваны шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў: трэнінгі, канферэнцыі па асаблівасцях і спецыфіцы валанцёрскага служэння, сустрэчы па абмене вопытам, рэкалекцыі і розныя іншыя святочныя нагоды для спатканняў.
Тых, хто мае адкрытае сэрца і трохі вольнага часу, а самае галоўнае — жаданне дапамагаць бліжнім і быць сучасным апосталам, несучы праз дабрачыннасць Хрыста іншым — адным словам стаць нашым валанцёрам, «Карытас» сардэчна запрашае.