Кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Caritas Беларусь:
«Праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне» (Мц 25:40)
Словы з Евангелля вельмі добра акрэсліваюць рэалізацыю нашага хрысціянскага і проста чалавечага паклікання на гэтай зямлі. Асабліва актуальна гэта сёння, падчас пандэміі, якой церпяць як хворыя, так і медыкі, якія мусяць працаваць у некалькі разоў больш, чым звычайна, каб уратаваць жыццё пацярпеўшым ад каронавіруса.
Многія з нас ужо рознымі спосабамі імкнуцца дапамагчы ў барацьбе з Covid-19. Аднак практыка жыцця паказвае, што найбольш эффектыўным вынікам у любой справе з’яўляецца арганізацыя сумеснага асягнення мэты. Таму Каталіцкі Касцёл, выкарыстоўваючы ўсе свае магчымасці, спрычыняецца да сбору сродкаў, каб дапамагчы тым, хто стаіць на першай лініі абароны – нашым медыкам, а Caritas Беларусь адкрыў спецыяльны рахунак і доступ праз АРІП да складання ахвяраванняў.
Вы, дарагія “самарыцяне”, ўжо пералічваеце на гэты рахунак сваю фінансавую дапамогу і за гэта вам вялікая падзяка. Мы, святары, молімся не толькі за хворых, медыкаў, але і за вас, дарагія ахвярадаўцы. На сённяшні дзень дзякуючы вам мы ўжо сабралі 19 500 рублёў!
Гэты час важны для нас у выпрабаванні нашай веры і Хрыстовай салідарнасці нашых адчыненых сэрцаў. Жадаю кожнаму з вас моцнай веры і Божага благаслаўлення. Асаблівым чынам дзякую вам, шаноўныя супрацоўнікі медыцыны, за тое, што не разважаеце ў гэты момант аб уласным супакоі і камфорце, але выконываеце аддана сваё пакліканне ў ратаванні людзей ад смерці.
Бог палюбіў нас і прыкладам сваім вучыць нас любіць свайго бліжняга.