Крыніца: poplavskaja.by, Ася Паплаўская
У касцёл Святога Міхала Арханёла мы прыехалі, каб даведацца пра дзейнасць дабрачыннай місіі Caritas у Смаргоні. Не так даўно я расказвала вам пра мэты і задачы гэтай арганізацыі, а таксама пра наш сумесны праект «Даем рады». Надышоў час даведацца пра добрыя справы ў рэгіёнах Беларусі, здзейсненыя нашымі грамадзянамі для патрабуючых.
Нас сустрэў ксёндз Алег і запрасіў на гарбату ў Моладзевы Цэнтр, дзе яны збіраюцца з парафіянамі. За накрытым сталом нас ужо чакалі Людміла, Крыстына, Вікторыя ды Ірына. Рукамі гэтых чатырох жанчынаў у парафіі пры Моладзевым Цэнтры праводзіцца вялікая дабрачынная праца. Людзміла адказвае за дакументы і справаздачы, наладжвае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, узаемадзейнічае з дзяржструктурамі, далучае да ўдзелу ў місіі новых людзей. Крыстына — сакратар парафіяльнай канцылярыі, пры місіі працуе са шматдзетнымі сем’ямі і дзецьмі, Ірына працуе ў Моладзевым Цэнтры, шые, сартыруе і збірае вопратку, займаецца ахвяраваннямі, а Вікторыя ўключаецца ў тыя працэсы, якія патрабуюць шмат працы і часу.
«Толькі кінь кліч — адразу ж знаходзіліся людзі, гатовыя дапамагчы сваім землякам»
Місія Caritas у Смаргоні атрымала юрыдычны статус сем гадоў таму, але пра сам тэрмін «caritas» (ахвярная любоў) суразмоўніцы ведаюць ужо не адзін дзясятак гадоў. «Пра Caritas у Беларусі мы ведаем даўно, — пачала аповед Людміла,—я сама з парафіі Смаргонскага раёна, Крыстына — з Астравецкага. Там святары заўсёды падтрымлівалі парафіянаў, былі рады ім дапамагчы. Мы не называлі нашую дзейнасць нейкім канкрэтным словам, але «Caritas» як з’ява знаёма нам даўно. Калі мы прыехалі ў Смаргонь, то пачалі дапамагаць людзям з парафіі Св. Міхала Арханёла. Для нас гэта натуральна — падтрымліваць іншых».
Крыстына распавяла, як яна даведалася пра Caritas: «Да пераезду ў Смаргонь я жыла ў вёсцы Кемелішкі, што ў Астравецкім раёне, і даведалася пра дабрачынную арганізацыю «Карытас», калі яна толькі пачаладзейнічацьу Беларусі. Тады ў нас служыў ксёндз Леанард Станкоўскіз Польшчы. Ён старанна заахвочваў падтрымліваць дзейнасць гэтай арганізацыі, і мы, парафіяне, дапамагалі: збіралі ахвяраванні, размяркоўвалі сярод патрабуючых адзенне і прадукты, якія выдзяляў Caritas. Я тады працавала дырэктаркай школы, і праз гэтую арганізацыю мы атрымалі для вучняў тэлевізар — дапамога была істотная».
У Кемелішах Крыстына дапамагала ў асноўным дзецям — праз школу, праз бацькоўскую раду, а пераехаўшы ў Смаргонь, пачала дапамагаць таксама і іншым катэгорыям патрабуючых. Пры касцёле падрымліваць адзін аднаго пачалі словам і чынам у 1990 годзе, калі парафія толькі адраджалася. «Тут яшчэ нічога не было, але многія парафіяне хацелі падтрымліваць іншых. Трэба было толькі кінуць кліч — адразу знаходзіліся валанцёры, якія дапамагалі землякам»,— наперабой расказваюць суразмоўніцы.
«Мы дапамагаем шматдзетным і праблемных сем’ям і, канешне ж, дзецям»
Калі Caritas атрымаў афіцыйны статус, арганізацыя пачала вызначаць для сябе асноўныя кірункі сваёй працы. Смаргонская парафія налічвае сёння амаль 10 тысяч чалавек. «Найперш мы склалі спіс шматдзетных сем’яў, — гаворыць Крыстына. — Іх у нас 55. У першую чаргу мы дапамагаем дзецям са шматдзетных сем’яў. Супрацоўнічаем з нашым сацыяльным прытулкам, а з цягам часу пачалі выходзіць непасрэдна на сем’і. Мы таксама падтрымлівалі сем’і, якія прыехалі з Украіны,— прасілі іх скласці спіс неабходных ім рэчаў, а на Божае Нараджэнне сабралі для іх пакункі з прадуктамі, адзеннем, прысмакамі.
А аднойчы мы даведаліся пра праваслаўнага хлопчыка, які хварэў на рак, аказвалі дапамогу і яму. Было вельмі прыемна пачуць ад яго родных словы падзякі: “Мы чулі пра вас, ведалі, што ў католікаў у Смаргоні ёсць Моладзевы Цэнтр”.
Для нас гэта вялікая радасць, што мы можам дапамагаць не толькі католікам, але і праваслаўным. Да нас прыходзяць усе, і гэта зусім неістота, католікі ці не».
Акрамя гэтага, у Смаргоні падтрымліваюць праблемныя і сацыяльна небяспечныя сем’і. Пры парафіяльным Моладзевым Цэнтры ўжо напрацягу многіх гадоў дзейнічаюць групы ананімных алкаголікаў і наркаманаў, дзе яны сустракаюцца са святаром. «Раней былочасам боязна — яны прыходзілі сюды ў розным стане, а тут дзеці. Але цяпер не трэба асцерагацца. Мы іх далучаем да суботнікаў, і яны з радасцю дапамагаюць», — усміхаюцца жанчыны.
«Канешне, падтрымка святара патрэбна і тым людзям, якія сутыкнуліся з праблемаю алкагалізму ці наркаманіі. Не толькі самім залежным, але і іх блізкім. Але пакуль гэтая задача не па нашых сілах, нельга ахапіць неабсяжнае. Спадзяемся, настане час, калі мы зможам дапамагаць гэтым людзям у парафіі, знойдзем псіхолага», — падзялілася Людміла.
Цяжкахворым, ляжачым людзям дапамагаюць парафіяне, якія належаць да суполкі руху «Легіён Марыі». Яны ездзяць у бальніцы, наведваюць хворых дома, купляюць прадукты, прыбіраюць, кормяць. Адным словам, працуюць як сацыяльныя работнікі.
Калі мы размаўлялі пра вялікую колькасць валанцёраў, якія служаць пры розных супольнасцях парафіі, я задала жанчынам пытанне аб тым, што матывуе іх актыўна дапамагаць сваім землякам. Крыстына адказала, што для такой дзейнасці патрэбныя моцныя лідары.
У выпадку смаргонскай парафіі гэтымі людзмі аказаліся святары, якія змаглі стварыць з неабыякавых людзей моцную парафіяльную супольнасць.
«У нас вельмі добрае душпастырства, гэта прызнаюць многія. Наш Моладзевы Цэнтр падабаецца ўсім: і католікам, і праваслаўным і нават няверуючым. Прыходзіць і праблемная моладзь, для нас гэта вельмі важна. А тут ёсць святар, манахіні, якія цярпліва размаўляюць з імі, падтрымліваюць».
«Вы купілі прадукты, а ён праз паўгадзіны прыйшоў і просіць вярнуць яму за іх грошы», — кажа прадавец
Некалькі гадоў таму ў парафіі выпрацавалася правіла: «давярай, але правярай». Нашыя гераіні расказалі шмат гісторый, і стала ясна, што яны ўсё робяць, каб аказваць дапамогу тым, хто сапраўды мае ў ёй патрэбу, але не патакаюць ляноце і слабасцям землякоў. «Мы хочам адысці ад такой формы дапамогі, калі мы проста даем грошы тым, хто п’е і не працуе. Яны павінны іх зарабіць — у парафіі заўсёды ёсць чым заняцца. У крайніх выпадках, калі да нас прыходзіць чалавек просіць паесці, мы не даем яму грошай на прадукты, а ідзем з ім у краму і купляем іх. Калі чалавек кажа, што дрэнна сябе адчувае і яму патрэбны лекі, мы ідзем з ім у аптэку і купляем», — падзялілася Крыстына.
Людміла дадала, што даводзілася нават прасіць прадаўцоў, каб тыя не прымалі назад прадукты, купленыя валанцёрамі «Карытас» для «самых галодных»: «Прыходжу я ў краму, а прадавец мне кажа: „Вы купілі яму прадукты, а ён праз паўгадзіны прыйшоў, аддае пакунак і просіць вярнуць грошы...“
Мы павінны давяраць людзям, але жыццё паказвае, што з такім кантынгентам працаваць вельмі няпроста. Давярай, але правярай!»
Людміле адразу ж узгадаўся адзін выпадак: «Нядаўна прыйшла да нас зусім маладая жанчына, сказала, што ёйдва разы ў год патрэбна абавязковае лячэнне. Яна нідзе не працуе — “цяжкае захворванне, гіпертанія”. Я гляджу на яе і думаю: нічога сабе, ціск! У мяне таксама ўсё жыццё праблемы з ціскам, і неяк працую ж да гэтага часу!.. На пытанне, чаму яна не працуе, адказала, што ў гэтым годзе пойдзе збіраць лісічкі. А калі іх не будзе?.. Яна нават не з нашай парафіі, але мы з ксяндзом Алегам вырашылі, што трэба ёй дапамагчы, далі ёй нейкую суму. Хутка яна вярнулася і пытаецца, колькі я ёй грошай давала. Мабыць, вырашыла, што я частку “яе” сумы сабе забрала (смяецца) і запатрабавала яшчэ. Давялося растлумачыць, што яна не можа патрабаваць ад нас грошай і павінна знайсці працу».
На нашыя словы пра тое, якія жанчыны малайцы, што не проста даюць грошы патрабуючым, але працуюць з імі, змяняючы іх жыццё на лепшае, суразмоўніцы адказалі, што такі падыход яны на чале к ксяндзом Алегам выпрацавалі не адразу. Спатрэбіўся не адзін год працы з беспрацоўнымі людзьмі ці з тымі, хто часта ўжывае алкаголь. «Не аднойчы яны не проста просяць грошай, а патрабуюць іх, успрымаючы “Карытас” як орган, як дае грошы, адзенне і ежу. А валанцёры былі для іх людзьмі, якія проста размяркоўвалі рэсурсы… Такое стаўленне трэба змяняць. Гэта вельмі няпроста, але інакш немагчыма. Людзей трэба выхоўваць!» — заўважылі жанчыны.
«Мне вельмі падабаецца быць у Caritas. Так, праца няпростая, але патрэбная людзям — гэта галоўнае»
Завяршаючы нашую размову, мы не маглі не запытаць у нашых суразмоўніцаў, чаму яны трацяць свой вольны час не на агароды, а на дапамогу іншым людзям.
Людміла: «Я заўсёды была пры касцёле, і дапамагаць было для мяне чымсьці натуральным. Калі я пераехала жыць у Смаргонь, святары ўгаворвалі мяне прыйсці ў Цэнтр і наладзіць працу з дакументамі. Я “ўцягнулася” у дабрачынную дзейнасць і пачала прыводзіць іншых (усміхаецца). Дзеці і нават унукі ў мяне ўжо дарослыя, а тут я ўвесь час патрэбная.
Тое пачуццё, што я камусьці патрэбна, і натхняе мяне на гэтую працу. Так, праца няпростая, цяжкая, але патрэбная людзям — гэта галоўнае».
Вікторыя: «Я занялася дабрачыннасцю, калі аўдавела. У касцёл хадзіла заўсёды, і, калі патрэбна была дапамога, аказвала яе, але не так, як цяпер. Калі памёр муж, Людміла не давала мне сумаваць, увесь час запрашала сюды, давала заданні. Так я і “уцягнулася”. Мне гэтая дзейнасць дае супакой. Калі прыйдзеш сюды, становіцца добра на душы, а калі дапаможаш, то й наогул адчуваеш сябе цудоўна».
Крыстына: «Я педагог, таму ўсё маё жыццё было звязана з дапамогаю дзецям. Калі я пакінула працу, каб даглядаць маці, са мной паразмаўляў ксёндз, ён цікавіўся, ці змагу я дапамагаць пры парафіі. Я пачала прыходзіць на гадзіну, другую, і таксама“ўцягнулася”. Мне гэта вельмі падабаецца, таму што ў школе я дапамагала дзецям, а цяпер служу ўсім. Вельмі здорава больш аддаваць, чым атрымліваць. Калі ты аддаеш, напрыканцы дня ты адчуваеш, што пражыла яго не дарэмна.
Нават калі ты выслухоўваеш у свой адрас непрыемныя словы і выразы з боку нецвярозых людзей, усё роўна дапамога людзям прыносіць мне радасць».
Ірына шмат гадоў працуе ў Моладзевым Цэнтры пры касцёле: «Дзеці хадзілі на катэхезу, ім трэба было пашыць касцюмы на Божае Нараджэнне. Мы іх зрабілі, а пасля ксёндз запрасіў мяне працаваць вахцёрам у Цэнтр, які толькі адчыняўся. Так я і аказалася тут у 2005 годзе. Займалася я ўсім: і на вахце сядзела, і прыбірала, і ў кацельнай працавала…
Нават неяк збіралася кінуць гэтую працу! Пайшла на іншую працу, пратрымалася там тры дні, пасля чаго давялося яшчэ месяц адпрацоўваць, і вярнулася (смяецца). Там я адчувала сябе рабыняй Ізаўрай, а тут атрымліваю задавальненне ад працы, ад дапамогі іншым людзям».
Калі вы хочаце дапамагчы патрабуючым ў Смаргоні або самі шукаеце падтрымкі, звяртайцеся па тэлефонах Каталіцкага моладзевага цэнтра: +375 (1592) 3-26-68, 2-27-95