Вось ужо на працягу шасці гадоў, “Карытас”, пры фінансавай падтрымцы бельгійскай арганізацыі «Euro-Children», накіроўвае на адпачынак у Бельгію дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. За гэты час быў арганізаваны адпачынак для 100 дзяцей.
Арганізацыя "Euro-children" ужо мае сваю паўвекавую гісторыю і шмат гадоў займаецца аздараўленнем дзяцей з розных краін свету. Усё пачалося яшчэ ў далёкім 1957 годзе, калі на адпачынак прыязджалі дзеці бежанцаў з пасляваеннай Германіі, у далейшым "Еuro-children" сталі прымаць дзяцей з Паўночнай Ірландыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Харватыі. З 2013 года дзякуючы супрацоўніцтву паміж арганізацыямі "Карытас", дзеці з беларускіх сем'яў таксама ўдзельнічаюць у гэтай праграме.
Некалькі дзён назад чарговая група дзетак вярнулася з Бельгіі ў Беларусь. Мы папрасілі іх і кіраўніка групы падзяліцца ўражаннямі ад адпачынку.
Крысціна Бурак, кіраўнік групы:
— Я вельмі цешуся, што ў дзяцей была магчымасць з’ездзіць на экскурсіі, наведаць паркі, атракцыёны, дэльфінарый, музычны фестываль, а таксама з’ездзіць на мора. Для сябе я зрабіла вынік, што бельгійцы умеюць не толькі працаваць – якасна і на сумленне, але ведаюць толк у адпачынку і менавіта такі адпачынак – добры, разнастайны, з душой арганізавалі і для маленькіх гасцей з Беларусі.
Віка Качаноўская:
— Гэта мая чацветая паездка ў гэтую сям’ю. Я вельмі задаволена адпачынкам. Мы шмат вандравалі, разам з сям’ёй наведалі Амстэрдам, Ротэрдам, старажытны горад Іпр, спадарожнічалі на роварах, шмат гулялі па гораду, ездзілі за пакупкамі ў Нідэрланды, наведалі парк атракцыёнаў, які мне спадабаўся яшчэ ў мінулым годзе. Гэта былі вельмі насычаныя тры тыдні, якія пакінулі самыя лепшыя ўспаміны!
Кацярына Банчук, маці Міланы:
— Вялікі дзякуй «Карытас» Беларусь за прадстаўлены адпачынак для маёй дачкі Міланы! Усе бацькі дзетак, якія вярнуліся з Бельгіі, удзячны дабрачыннай аргнізацыі, бо не ў кожнага ёсць магчымасць вывезці дзіця на адпачынак за мяжу. Штодня мы тэлефанаваліся з Міланай, яна была настолькі ў захапленні ад кожнага праведзенага дня, што, як не дзіўна, зусім не сумавала па дому. Вельмі адчуваўся клопат і дабрыня з боку сям’і, якая прымала дзяцей. Нягледзячы на розніцу у менталітэце, на тое, што ў іх ёсць свае маленькія дзеці, узяць на сябе адказнасць яшчэ за дваіх дзяўчынак — гэта сапраўды ўчынак з вялікай літары.