Крыніца: poplavskaja.by, Ася Паплаўская
Свята Св. Мікалая, майстар-клас А. Якімовіч па роспісу пернікаў, Цэнтр Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, в. Ляскоўка, фота А. Якімовіч
Калі я пачала пісаць пра касцёлы Беларусі, разглядала іх выключна як аб’екты прыгожай архітэктуры ды цікавай гісторыі. Праз нейкі час да мяне звярнуліся прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі Caritas Belarus з прапановай распачаць сумесны праект, што распавядзе не толькі пра абразы і арганы ў касцёлах, але і пра людзей у іх.
Думка аб тым, што касцёлы — гэта, у першую чаргу, людзі з добрым сэрцам, не прыходзіла мне ў галаву. І я шчаслівая, што пачала знаёміцца з парафіямі з гэтага боку. Сёння важны для мяне дзень — мы распачынаем сумесны праект «Даём рады з Caritas». Вы пазнаёміцеся з людзьмі, якія маюць добрыя сэрцы і даюць патрабуючым вопратку, ежу, цеплыню і ўвагу па ўсёй Беларусі. Цяпер прапаную даведацца пра Caritas у Беларусі і праекце, над якім мы працавалі некалькі месяцаў. На мае пытанні адказалі дырэктар Caritas Belarus ксёндз Віталій Дабраловіч і яго намесніца Вераніка Шэнда.
«Мы дапамагаем усім, хто да нас звярнуўся, не толькі католікам»
— Ксёндз Віталій, Вераніка, што мы павінныя ведаць пра гісторыю стварэння Caritas?
Віталій Дабраловіч (В.Д.): Дабрачынная дзейнасць распачалася за шмат стагоддзяў да з’яўлення арганізацыі. Слова Caritas тлумачыцца як ахвярная любоў паміж людзьмі, крыніца якой — сам Бог, які казаў нам, што мы мусім быць міласэрнымі да тых, хто побач з намі. Кажучы пра гісторыю арганізацыі, перанясемся ў Парыж, дзе Людвік Дэвебрэ ў 1890 годзе агранізаваў першую сацыяльную інстытуцыю дабрачыннай дзейнасці пры парафіі. Паўсюднае ж развіццё сацыяльнай дзейнасці ў Касцёле дала Энцыкліка Папы Леона XIII „Rerum Nowarum“ 1891 года. А праз шэсць год у Нямеччыне святар Лорэнц Вертман арганізаваў першы кардынацыйны цэнтр Карытас. У 1951 годзе была створана міжнародная канфедэрацыя Caritas Internationalis.
На нашыя землі арганізацыя прыйшла ў 1990-91 гады — дабрачынная дзейнасць развівалася разам з вяртаннем Касцёла. Юрыдычны статус Карытас атрымала ў 1994 годзе ў Гродна, а праз тры гады запрацавала ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама ў Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях.
На фота кс. Віталій Дабраловіч
Вераніка Шэнда (В.Ш.): Карытас у Беларусі — гэта дабрачынная супольнасць, місіяй якой з’яўляецца служэнне людзям, якія апынуліся ў цяжкой жыццёвай сітуацыі.
"Гэта каталіцкая арганізацыя, аднак мы дапамагаем усім,
хто патрабуе падтрымкі, незалежна ад веравызнання, палітычнай,
нацыянальнай і расавай прыналежнасці".
— Распавядзіце пра структуру арганізацыі.
В.Д.: Разглядаючы нашу структуру зверху ўніз, яна выглядае такім чынам: Карытас Інтэрнацыяналіс, Карытас Еўропа, потым ідзе нацыянальны Карытас, дыяцэзіяльны і парафіяльны.
В.Ш.: Наша арганізацыя прадстаўленая амаль ва ўсіх краінах свету. Яна працуе на ўсіх ўзроўнях: ад нацыянальнага да самага блізкага людзям, парльнага. Caritas Internationalis мае штаб-кватэру ў Рыме, у яе склад уваходзіць больш за 160 арганізацый. Яна падзяляецца на 7 рэгіянальных аб’яднанняў: Афрыка, Азія, Еўропа, Лацінская Амерыка і Карыбскі басейн, Бліжні Усход і Паўночная Афрыка, Паўночная Амерыка, Акіянія. Структура Caritas Internationalis паўтарае структуру касцёла: асобныя арганізацыі прывязаныя да дыяцэзій, а іх кіраўніцтва прызначаецца каталіцкімі ўладамі. Карытас у Беларусі складаецца з адной нацыянальнай арганізацыі, чый офіс знаходзіцца ў Мінску, 4 чатыры дыяцэзіяльныя структуры ў Мінску, Гродна, Віцебску і Пінску (в. Чарнаўчыцы Брэсцкай вобласці), якія працуюць на тэрыторыі 486 парафій па ўсёй Беларусі.
— Хто і якім чынам можа стаць часткай Карытас?
В.Ш.: Валанцёрам можа стаць кожны. Да нас часта звяртаюцца тыя, хто хоча дапамагчы іншым, праявіць сябе, зрабіўшы нешта добрае. Звычайна да нас пішуць у сацыяльных сетках: Фэйсбуку, УКантакце і Інстаграме. З тымі, хто выявіў жаданне да нас далучыцца, мы гутарым, высвятляючы, што канкрэтна чалавек хоча зрабіць, колькі ў яго вольнага часу на гэта. Знаёмім чалавека са спецыфікай Карытас, з размеркаваннем функцый у нашай структуры. У нацыянальнай арганізацыі кожны зможа рэалізаваць сваю сацыяльна значную ідэю, дапамагчы ў галіне, звязанай з яго прафесійнай дзейнасцю і атрымаць дадатковы досвед, а таксама дапамагчы “прасунуць” Карытас у СМІ.
Аднак большасць людзей хоча падтрымліваць іншых наўпрост: наведваць дзяцей у шпіталях і дзіцячых дамах, раздаваць непатрэбныя рэчы, дапамагаць бяздомным… У такіх выпадках мы перадаем кантакты чалавека нашым дыяцэзіяльным арганізацыям, якія ўжо даведваюцца пра жаданні і мэты валанцёра і прапануюць яму варыянты супрацоўніцтва.
Кантакты рэгіянальных арганізацый Карытас дасяжныя па гэтай спасылцы.
На фота - Вераніка Шэнда
— Якія асноўныя накірункі дзейнасці арганізацыі ў Беларусі?
В.Ш.: Часта людзі блытаюцца ў тым, як працуе і што робіць Карытас у Беларусі, таму найперш я хацела б удакладніць асаблівасці дзейнасці арганізацыі ў нашай структуры. Як я адзначала вышэй, у Беларусі ёсць нацыянальная арганізацыя Карытас і 4 рэгіянальныя. Кожная з іх мае асобны юрыдычны статус, што дазваляе ім быць самастойнымі і аўтаномнымі.
Задача нацыянальнай арганізацыі — каардынацыя дабрачыннай дзейнасці рэгіянальных Карытас у Беларусі і выкананне прадстаўнічых функцый на міжнароднай арэне і на дзяржаўным узроўні нашай краіны. Мы імкнемся развіваць і ўмацоўваць арганізацыйную структуру Карытас у Беларусі праз развіццё дабрачыннасці ў парафіях і праз адукацыйныя праграмы для валанцёраў і супрацоўнікаў.
Нацыянальны Карытас не дапамагае адрасна тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Дабрачынныя праекты для людзей у патрэбе рэалізуюць нашы дыяцэзіяльныя арганізацыі.
Асноўныя накірункі дзейнасці нацыянальнай арганізацыі наступныя: распрацоўка і рэалізацыя адукацыйных праграм для супрацоўнікаў і валанцёраў; актывацыя сацыяльнага служэння парафіян і ўмацаванне супрацоўніцтва з мясцовымі супольнасцямі; рэалізацыя буйных нацыянальных праграм гуманітарнай дапамогі і праектаў па абароне правоў дзяцей; прэзентацыя арганізацыі на міжнародным узроўні і ўнутры краіны; стварэнне фандрайзінгавых акцый і ўзаемадзеянне са СМІ.
"Нашы парафіяльныя арганізацыі дапамагаюць розным
групам людзей у некалькіх напрамках"
Першы — догляд за хворымі людзьмі дома і “сацыяльная перадышка”, другі — гуманітарная дапамога, трэці — дапамога бяздомным, адзінокім і старым людзям: сацыяльная сталовая, сродкі першай неабходнасці. Нашы супрацоўнікі і валанцёры працуюць з людзьмі з інваліднасцю, дапамагаюць дзецям з анкалогіяй і асаблівасцямі развіцця. Ёсць і такія напрамкі працы як мабільная дапамога — догляд за адзінокімі і хворымі людзьмі, наведванне дзіцячых дамоў, а таксама адукацыйныя семінары па аўтызму і розных відах дапамогі.
Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
— Якія самыя яркія праекты былі рэалізаваныя ў Карытас на Беларусі?
В.Д.: Цяжка нават у гэты момант пералічыць, бо у кожным падраздяленні Карытас яны былі розныя, але я паспрабую назваць некалькі значных праектаў. Нацыянальны Карытас рэалізуе акцыі па абароне правоў дзіцяці, развіццю парафіяльнага служэння свецкіх, фінансавай адукацыі ў сям’і. Карытас Віцебск зладзіў праект БЭТЭЛЬ — праца з дзецьмі і маладымі людзьмі з інваліднасцю. Карытас Пінск аказвае фінансавую дапамогу для дзіцячага дома ў Кобрыне (правядзенне капітальнага рамонту, арганізацыя дзіцячай пляцоўкі). У падраздяленні Карытас Гомель працуе Дзіцячая вёска з дамамі рэабілітацыі для дзяцей з інваліднасцю. Карытас Гродна робіць сталовую для бяздомных, святліцы для моладзі пры парафіях, а таксама ладзіць мабільную дапамогу. Пры Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі працуе дабрачынны цэнтр для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і праект Табіта, у якім аказваецца дапамога хворым у іх дома.
«Мы імкнемся разбурыць стэрэатып аб тым,
што касцёлы – закрытае месца»
— Давайце пагаворым пра наш праект «Даём рады з Caritas». Чаму вы вырашылі распавесці пра дабрачынную дзейнасць парафіян?
В.Д.: Карытас рэалізуе шмат добрых спраў, але вельмі часта інфармацыя аб іх застаецца паміж тымі людзьмі, якія атрымалі дапамогу і тымі, хто дапамагаў.
Пазіраючы на патрэбы іншых, мы разумеем, што ёсць вялікая неабходнасць рук і сэрц любові ў дабрачыннай дзейнасці. Каб заахвоціць людзей чыніць дабрачыннасць, мы вырашылі паказаць ахвярную працу дабраахвотнікаў пры парафіях па ўсёй Беларусі. Мы распавядзем пра маленькія, але важныя справы для чалавека, якому неабходна падтрымка.
В.Ш.: Ідэя распаўсюду інфармацыі пра нашу дзейнасць мне падалася цікавай, бо існуе стэрэатып, маўляў, касцёл — закрытае месца, прызначанае толькі для малітвы, куды некатолікам прыходзіць нельга. Аднак у мястэчках і малых гарадах Беларусі часта няма аніводнага арганізаванага месца, дзе людзі маглі б сустракацца і абмяркоўваць істотныя справы рэгіёна, бавіць разам час, атрымліваць і аказваць падтрымку суседзям.
"Часта менавіта касцёл з’яўляецца цэнтрам развіцця, «сэрцам» мястэчка.
Яго складаюць людзі, аб якіх мы і распавядзем у нашым сумесным праекце"
— Якіх мэтаў вы хочаце дасягнуць дзякуючы гэтаму праекту?
В.Д.: Найперш, пазнаёміць беларусаў з рэальнай дабрачыннасцю, якую ладзяць звычайныя людзі, нашы з вамі суседзі.
В.Ш.: Хочацца паказаць даступнасць касцёла для простых людзей, распавесці, якую сацыяльна-значную ролю ён грае ў сучасным свеце. Мы імкнемся паказаць людзям іхнія магчымасці ў справе дабрачыннасці — усе героі нашага праекта такія ж людзі, як мы з вамі. Кожны можа быць неабыякавым і, робячы нешта невялікае, вельмі шмат дапамагаць людзям у патрэбе. Разам мы зможам даць рады ўсяму!
— Чаму вы выбралі мяне і мой блог для супрацоўніцтва?
В.Д.: Было б занадта наіўным лічыць, што гэта мой выбар, альбо некага з супрацоўнікаў Карытас. Так дзейнічае Божае пакліканне — ён хоча, каб менавіта вы выканалі важнае заданне, аб якім яшчэ вы самі можаце не здагадвацца… Цяпер толькі ад нас з вамі залежыць, ці здолеем мы правільна зразумець і рэалізаваць планы Бога адносна нашага праекта.
В.Ш.: Твой блог, Ася, я чытала на працягу нейкага часу перад тым, як вырашыла табе прапанаваць сумесны праект. Ты пішаш пра касцёлы як пра культурныя, гістарычныя аб’екты для турызма. Для мяне было істотна, каб для чалавека, з якім мы будзем працаваць, была блізкая спецыфіка касцёла не толькі як будынка. Пасля сустрэчы з табой я зразумела, што ты той чалавек, з якім нам варта ладзіць гэты праект.
— Дзякуй вялікі за такіе прыемныя словы! Ці могуць чытачы майго блога спрычыніцца да дзейнасці Карытас?
В.Ш.: Вядома! Падчас нашага праекта чытачы блога будуць даведвацца пра герояў, якім патрэбная дамамога, і адрасна яе аказваць. Нам неабходныя валанцёры! Калі вы хочаце ім стаць, звярніцеся ў рэгіянальную арганізацію, на чыёй тэрыторыі ладзіцца той ці іншы праект. Кантакты адказных людзей з нашых дыяцэзій, якія змогуць вас накіраваць для аказання дапамогі, вы знойдзеце па гэтай спасылцы.
Вучэбна-пазнавальная экскурсія на трамвайчыку «Я маю права», Нацыянальны Карытас, праект Family first («Перш за ўсё - сям'я»), фота О. Передкова
Валанцёры Карытас Пінскай дыяцэзіі, праект «Зімовая дапамога», фота Г. Герусь
Не менш важнай з’яўляецца і фінансавая падтрымка нашай дзейнасці. Яе можна аказаць праз сістэму АРІП, ахваряванні на разліковы рахунак і праз iPay з мабільнага тэлефона. Падрабязную інфармацыю вы знойдзеце тут>>>
Прыводжу кантакты людзей з рэгіёнаў, адказных за праекты, яб якіх вы будзеце чытаць у хуткім часе. Да іх напрамую можна звяртацца, калі вы хочаце стаць валанцёрам, аддаць вопратку, прадукты альбо дапамагчы іншым чынам.
1) Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Дзмітрый Мельнікаў : +375 44 568 93 96 (Viber), Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.;
2) Карытас Гродзенскай дыяцэзіі
Агульны нумар: +375 (15) 275 34 12, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.;
3) Карытас Віцебскай дыяцэзіі
Агульну нумар: +375 (21) 225 29 31, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.;
4) Карытас Пінскай дыяцэзіі (працуе на тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей)
Агульны нумар: +375 (16) 294 57 64, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.;
Пры ўзнікненні любых дадатковых пытанняў звяртайцеся ў нацыянальны Карытас:
Кс. Віталій Дабраловіч: +375 29 783 28 53 (Viber);
Вераніка Шэнда, + 375 29 515 33 37 (Viber), FB: Veronika Shendo.