З 26 па 28 лютага ў Цэнтры св. Лукі адбыліся традыцыйныя вялікапостныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас”.
Рэкалекцыі з’яўляюцца перыядам, які прысвечаны асабістай малітве, разважанням, прыняццю рашэнняў, а таксама паглубленню сваёй веры і яе разуменню. Для ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў "Карытас" гэта таксама асаблівы час. Cёлета рэкалекцыі праводзіў кс. Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі.
“Галоўная ідэя ўсіх рэкалекцый -- навяртанне. Сёння мы таксама задумаемся, як вярнуцца да Бога. Як памяняцца”, -- такімі словамі распачаў канферэнцыю кс. Віктар.
Пра што мы думаем? Што самае галоўнае ў нашым жыцці? На колькі нашыя думкі занятыя Богам, Яго навукай? Над гэтымі пытаннямі кожны з нас меў магчымасць паразважаць на працягу ўсіх рэкалекцый, а таксама пабыць сам-насам са сваімі думкамі, памаліцца і нешта пераасэнсаваць падчас адарацыі Найсвяцейшага сакрамэнту".
“У перыяд Вялікага посту належыць памятаць пра другога чалавека. Успомнім, як сустрэлі Хрыста ў Бэтлееме. Ён нарадзіўся на сене. Таму што не было для Яго месца ў доме. Таму няхай гэты час стане часам міласэрнасці. Вядома, прасцей быць міласэрным да таго, каго мы любім, хто для нас блізкі. А што з іншымі? Хто ў нашым грамадстве найбольш безабаронны? Дзеці-сіроты, нямоглыя, цяжка хворыя. Трэба пастарацца зрабіць так, каб гэты перыяд стаў для іх перыядам любові і радасці, а не самоты і смутку”. Гэта тое, аб чым павінны памятаць і чым кіравацца супрацоўнікі “Карытас” у сваёй штодзеннай дзейнасці.