З 19 па 24 лістапада ў рамках праекта Нацыянальнага Карытас "Young Caritas. Inception phase" адбылася адукацыйная паездка ў Карытас Польшча для абмену вопытам каардынатараў валанцёраў Карытас Беларусь.

 

Каардынатары пазнаёміліся з Монікай Рубажэўскай, якая з'яўляецца каардынатарам цэнтра валанцёраў у Бялай Падлясцы. На сваім семінары яна расказала аб тым, як у іх наладжана дзейнасць службы валанцёраў, якую яны маюць матывацыю і якім чынам у іх узнагароджваюць валанцёраў за іх працу.

 

 

Таксама каардынатары наведалі валанцёрскі цэнтр Карытас Лодзь (г. Лодзь), дзе даведаліся аб іх структуры, аб месцы і ролі валанцёраў у ёй, а таксама, як стаць лідарам валанцёрскай службы. Але самае галоўнае, у лідараў валанцёраў была магчымасць асабіста ўбачыць, як працуюць пункт выдачы хлеба і сталовая для бяздомных; святліца, у якой праводзяць вольны час валанцёры Карытас з дзецьмі; пункт дзённага прыбывання пажылых людзей, а таксама вялізны склад з прадуктамі, цацкамі, моючымі сродкамі і ўсім неабходным, што хоць трохі можа аблегчыць жыццё людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

 

Даміан Жэгадла, лідар валанцёраў Карытас Кельцэ (г.Кельцэ), падзяліўся з калегамі з Беларусі, як у іх наладжана праца з валанцёрамі і распавёў пра псіхілагічны бок узаемаадносінаў паміж валанцёрамі і каардынатарамі.

Кожны ўдзельнік гэтай адукацыйнай паездкі атрымаў бясцэнны вопыт у тым, як павінен быць арганізаваны і наладжаны працэс працы з валанцёрамі, як зрабіць так, каб сам валанцёр атрымоўваў задавальненне ад сваёй працы.

Неўзабаве Карытас Беларусь правядзе агульную сустрэчу каардынатараў з валанцёрамі, на якой прысутные падзеляцца ўражаннямі ад паездкі, а таксама абмяркуюць далейшую стратэгію развіцця валанцёрства ў Карытас.

#Caritas #CaritasBelarus #CaritasPolska 

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы