3 кастрычніка ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Маладзечна (ЦКРНіР) адбылося ўрачыстае адкрыццё кухні, на якой, дзякуючы сумеснаму праекту "Карытас" (Мінск) і Мальтыйскай службы дапамогі (Германія) дыяцэзіі Падэрборн, намаганнямі супрацоўнікаў Цэнтра, былі зроблены рамонт і поўная замена абсталявання.

У Цэнтры знаходзіцца больш за 130 дзяцей-выхаванцаў з асаблівасцямі псіха-неўралагічнага развіцця, 60 з якіх -- стацыянарныя.

З вялікай радасцю супрацоўнікі “Карытас” Мінск, а таксама прадстаўнік Мальтыйскай службы дапамогі Міхаэль Дэймэн прынялі ўдзел у сапраўдным свяце, якое было з любоўю наладжана тымі, хто днём і ноччу працуе на карысць Цэнтра. Дырэктар ЦКРНіР Анжаліка Міхайлаўна Шэпяленка -- чалавек з вялікай душой, яна з захапленнем робіць сваю працу і з’яўляецца цудоўным матыватарам для ўсіх, хто знаходзіцца побач.

--  У першую чаргу я хачу падзякаваць “Картытас”.  Гэта нашы галоўныя і першыя памочнікі. Мы вельмі ўдзячны за гэту магчымасць, бо нашаму старому абсталяванню было ўжо 40 гадоў, яно было зусім зношана. Айцец Андрэй, дырэктар “Карытас” Мінск знайшоў людзей, якія былі гатовы адгукнуцца і дапамагчы. А сам рамонт рабілі разам – і супрацоўнікі Цэнтра, і бацькі. Усё сваімі сіламі і ўсяго за два месяцы. 

На што асабліва звяртаеш увагу – гэта на клапатлівае стаўленне да дзяцей усімі супрацоўнікамі Цэнтра. Разам з дзеткамі яны робяць цудоўныя падробкі, навучаюць, праводзяць разам вольны час.

А супрацоўніцтва “Карытас” з Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, са слоў айца Андрэя, пачалося спантанна:

-- Мы шукаем людзей, якія ў чым-небудзь маюць патрэбу. У гэтым выпадку адбылося так, што мы прыехалі паказаць нашым партнёрам с Мальтыйскай службы дапамогі, як выглядае карэкцыйны цэнтр у Маладзечне. Мы не маглі не звярнуць увагу, што кухня зусім у дрэнным стане і мае неабходнасць у рамонце. Нашы  партнёры  згадзіліся нам у гэтым дапамагчы, і мы сумеснымі намаганнямі закупілі абсталяванне і ўсё неабходнае. За што шчырае ім дзякуй.

-- Гэта вялікая радасць, калі робіцца дабро, хоць і невялікае. Гэта заўсёды прыемна і менавіта гэта мае сэнс і значэнне. Таму мы вельмі рады, што можам быць сёння з вамі, цешыцца і прымаць удзел у гэтым свяце. Наша арганізацыя “Карытас” у перакладзе азначае “любоў”. Лічу, што гэта варта запомніць, таму што праз любоў і для любові мы тут, каб дапамагчы вам. Запрашаю вас, каб мы чынілі больш дабра і праз гэта былі яшчэ больш шчаслівыя. Дзякуй вам, што вы ёсць, -- звярнуўся айцец Андрэй да ўсіх прысутных.

-- “Карытас” прапанаваў нам прыняць ўдзел ў гэтым праекце, і я з нецярпеннем чакаў, каб паглядзець, што ж з гэтага атрымаецца. Але ўжо зараз магу з ўпэўненнасцю сказаць, што я прыемна здзіўлены, наколькі хутка за такі кароткі час усё было зроблена. І калі бачыш такіх моцных жанчын, якія за ўсё гэта ўзяліся, то ні крыху не сумняваюся, што інакш і быць не магло! – выказаў сваё захапленне Міхаэль.

Пасля афіцыйнага адкрыцця гасцям правялі экскурсію па новай кухні, пазнаёмілі з яе супрацоўнікамі, а таксама прадэманстравалі ролік, каб усім наглядна было бачна, як кухня выглядала перад рамонтам, і як зараз. І самае галоўнае, усіх пачаставалі вельмі смачнай ежай, якую поўнасцю, як з радасцю падкрэсліла Анжаліка Міхайлаўна, прыгатавалі дзякуючы новаму абсталяванню.

 

#Caritas #Minsk #CaritasBelarus

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы