29 жніўня супрацоўнікі “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сумесна з Нацыянальным “Карытас” і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB прынялі ўдзел у дабрачынным свяце “Мелодыі дабра”, якое адбылося ў Магілёўскім спецыялізаваным Доме дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі.

 Свята было арганізавана супрацоўнікамі Дома дзіцяці ў цеснай садружнасці з Магілёўскім абласным аддзяленнем рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы дабрачыннага Таварыства «Дапамога дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыля» (Эрфтштадт, Германія) і многіх магіляўчан, неабыякавых да лёсу цяжкахворых дзяцей.

Музычнае суправаджэнне свята на дабрачыннай аснове забяспечваў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, аркестр народных інструментаў імя Леаніда Іванова Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Алданава.

Падчас мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў  конкурсаў  “Матуліна ўсмешка”, “Пяшчотная ўсмешка”.  Удзельнікаў свята чакала шмат сюрпрызаў і забаў -- шоў мыльных бурбалак, выступленне  клоўнаў, аквагрым,  роставыя лялькі і многае іншае. 

Дарэчы, супрацоўнікі “Карытас” прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве нездарма. “Карытас” Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі і Магілеўскі дом дзіцяці ажыццяўляюць сумесны праект “Сацыяльная перадышка”.  Мэта праекта -- падтрымаць бацькоў, якія знаходзяцца з хворымі дзецьмі 24 гадзіны ў суткі і не могуць іх пакінуць з некім  іншым, бо гэтага “іншага” найчасцей проста няма… Да таго ж у дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, у любы момант могуць пачацца прыступы, многія не могуць ні дыхаць без спецыяльнага апарата, ні харчавацца без зонда. Пастаянна знаходзіцца  у такім рытме бацькам вельмі цяжка і фізічна, і псіхалагічна. Ім на дапамогу прыйдуць медыцынскія работнікі, якія будуць некаторы час назіраць за дзецьмі ў Цэнтры паліятыўнай дапамогі, а ў бацькоў  з’явіцца магчымасць заняцца іншымі важнымі справамі: схадзіць у краму, надаць увагу іншым сваім дзецям, прыбраць у кватэры. А яшчэ набрацца сіл і хоць крышачку адпачыць. 

Плануецца падабраць і абсталяваць памяшканне-стацыянар , куды на неабходны час можна будзе прывозіць дзіцей, дзе ім будзе аказвацца комплексная дапамога і догляд кваліфікаваных супрацоўнікаў Цэнтра. Для рэабілітацыі дзяцей медыкі і педагогі паспяхова ўжываюць сучаснае лячэбнае абсталяванне і эфектыўныя методыкі. Пры неабходнасці спецыялісты аказваюць псіхалагічную дапамогу і ў сям’і. Больш аб праекце http://caritas-minsk.by/news/122-karytas-u-tsentry-paliyaty-naj-dapamogi-dzetsyam

 

 

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы