У «Карытас» вялікая ўвага надаецца дапамозе дзецям з інваліднасцю, якія засталіся без апекі бацькоў. Адным з найбольш значных праектаў у гэтай сферы з'яўляецца сумесны з дзяржавай праект – дзіцячая вёска для дзяцей-інвалідаў.

Будаўніцтва «Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця» рэалізавала Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас-Міласэрнасць» Пінскай дыяцэзіі на ахвяраванні міжнародных і мясцовых спонсараў.

Гомельская дзіцячая вёска-хоспіс разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такіх умовах, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам магчыма максімальна поўнае развіццё асобы.

Праект прадугледжвае стварэнне пяці асобных груп-сем'яў, кожная з якіх будзе ўключаць максімум 12 чалавек. Звяном, злучаючым такую групу-сям'ю, з'яўляецца законная сястра, якая разам з іншымі свецкімі супрацоўнікамі клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апекуецца жыццём дзяцей.

Праект дзейнічае з 2011 года. Узвядзенне аб'екта доўжылася на працягу 6 гадоў выключна на ахвяраванні вернікаў і дабрачынных каталіцкіх арганізацый Германіі, Італіі, Аўстрыі і іншых краін пры падтрымцы «Карытас». Немалую частку ахвяраванняў пад дэвізам "Дзеці для дзяцей" сабралі для праекта нямецкія дзеці з арганізацыі "Зорныя спевакі". У зборы ахвяраванняў удзельнічала і евангельская моладзь Германіі.

Падобная дзіцячая вёска для дзяцей з інваліднасцю – першы падобны праект у Беларусі. Ініцыятыва яго будаўніцтва ў Гомелі належыць пробашчу мясцовай Рымска-каталіцкай парафіі ксяндзу Славаміру Ласкоўскаму. Ён бачыў, як працуюць такія хоспісы ў Польшчы, і марыў пабудаваць падобны ў Беларусі. Тады было прынята рашэнне аб будаўніцтве дзіцячай вёскі, дзе дзеці будуць жыць у сем'ях, будуць акружаны любоўю, будуць мець магчымасць асабістага развіцця.

 

Усе гады існавання праекта за дзецьмі даглядаюць каталіцкія манахіні ордэна Бэнэдыктынак-Самарыцянак крыжа Хрыстовага. Заснавальніца ордэна – слуга Божая Вінцэнта Ядвіга Ярашэўска – яшчэ да Другой Сусветнай Вайны стварыла ў Польшчы першыя дамы сямейнага тыпу для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Дырэктар «Карытас-Міласэрнасць» кс. Юрый Варанко адзначае, што дадзены праект арганізаваны пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Дзіцячая вёска пабудавана для дзяцей з парушэннямі псіха-фізічнага развіцця. Адметнай асаблівасцю дадзенага праекта ад многіх іншых з'яўляецца тое, што дзеці, якія жывуць у доме-інтэрнаце (дзіцячай вёсцы), могуць знаходзіцца ў ім да канца свайго жыцця.

У 2011 годзе будаўніцтва завяршылася, аднак праект мае патрэбу ў далейшай дапамозе і падтрымцы.

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы