У рамках інтэграцыйнага праекта «Разам» 22-23 лістапада 2016 года ў Гродна прайшла дабрачынная фотасесія для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх мам. Дзеці з інтэграцыйнага праекта "Разам" – гэта маленькія выхаванцы дашкольнай групы "Карытас" для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў ДУА "Цэнтр развіцця дзіцяці №30 г. Гродна". У фотапраекце прынялі ўдзел 7 сем'яў. Ідэя праекта ў тым, каб падтрымаць мам і іх дзяцей, падаўшы прыемную магчымасць папоўніць сямейны фотаальбом памятнымі здымкамі.
На пытанне, чаму менавіта мамы ў цэнтры ўвагі праекта, аўтары ідэі адказваюць: «Шмат у чым надвор'е ў доме, атмасфера ў сям'і грунтуецца на жанчыне, яе настроі! Так хочацца, каб хвіліны, праведзеныя ў фотастудыі, сталі прыемным перапынкам для мам, а здымкі ўпрыгожылі хатні інтэр'ер і сямейныя фотаархівы, і нагадалі мамам пра тое, што яны не толькі клапатлівыя і добрыя, але яшчэ і незвычайнай прыгажосці жанчыны».
«Я вельмі рада, што прыняла ўдзел у проста казачным дабрачынным праекце. Атрымала шмат станоўчых эмоцый, усё прайшло на адным дыханні! Для фатографа лепшая падзяка – бачыць шчасце ў вачах маці і дзяцей! Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім удзельнікам праекта!» – падзялілася фатограф Ірына Чысцякова.
Арганізатары фотапраекта «Асаблівая зімовая казка» выказваюць падзяку ўсім неабыякавым людзям, якія прынялі ўдзел у праекце. Фотастудыі дзённага святла ў Гродна "Я ♥ ФОТО", камандзе візажыстаў і цырульнікаў.
І, вядома ж, «Асаблівая зімовая казка» не адбылася б без сапраўдных прафесіяналаў – фатографаў Паўла Ненартовіч і Ірыны Чысцяковай!
«Карытас» Гродна жадае ўсім нашым чытачам радаснага чакання Нараджэння Хрыстова!
Ганна Высоцкая