Мерапрыемства арганізавала дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” пры парафіі Святой Тройцы. На яго сабраліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі, апекуны, сацыяльныя работнікі як з Глыбокага, так і з усёй Віцебскай вобласці (Шаркаўшчына, Ушачы, Лепель, Паставы, Мёры, Браслаў, Луначарскае, Петрунова).
Па словах кіраўніка парафіяльнага “Карытас” у Глыбокім Генадзя Бервячонка, мэта акцыі – звярнуць увагу грамадства на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У нашай краіне прысутнічае яшчэ тэндэнцыя, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў, калі інвалідаў хавалі ад грамадства, таму людзі іх не заўважаюць, і ў грамадстве прысутнічае некаторая абыякавасць да праблем гэтых людзей.
Распачалася акцыя ў касцёле Святой Тройцы. Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. Прысутныя разам прачыталі малітву “Ойча наш” і рушылі ў гарадскі Дом культуры, дзе і прайшла асноўная частка праграмы.
У круглым зале Дома культуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі быў падрыхтаваны салодкі стол. Пасля таго, як госці падсілкаваліся, валанцёры “Карытас” распачалі забаўляльную праграму. Удзельнікаў чакалі гульні, конкурсы, танцы. А бацькі, апекуны, святары, сацыяльныя работнікі сабраліся ў гэты час на Круглы стол, дзе абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў нашым грамадстве, і шляхі іх вырашэння.
Адметнасцю сёлетняй акцыі стала прысутнасць на ёй гасцей з Францыі. Яны патрапілі на мерапрыемства выпадкова, бо якраз у гэты час прывезлі гуманітарную дапамогу ад “Карытас” з Францыі для глыбоцкага Цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, тым не менш яны былі вельмі задаволеныя тым, што змаглі ў ім паўдзельнічаць.
Як адзначыў госць з Францыі П’ер Тупэн , яны вельмі ўзрушаныя цеплынёй, з якой іх сустрэлі, ім прыемна, што тая дапамога, якую яны прывезлі, будзе карысная для людзей з Беларусі. Гэта дапамога не будзе разавай, яны збіраюцца і надалей супрацоўнічаць з Беларуссю.
Ксёндз Мікалай Ціхановіч звярнуў увагу на тое, што грамадства павінна больш уважліва ставіцца да праблем і патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо інвалідам можа стаць кожны з нас. Ён адзначыў што нашы ўлады робяць пэўныя крокі ў гэтым накірунку, але не трэба спыняцца на дасягнутым.
Сацыяльныя педагогі звярнулі ўвагу прысутных на такую праблему як адсутнасць у пэўнай часткі грамадства разумення таго, што інваліды павінны быць інтэграваны ў грамадства. Часта настаўнікі і бацькі выступаюць супраць таго, каб здаровыя дзеці вучыліся разам з дзецьмі-інвалідамі. А гэта няправільна, бо такія дзеці павінны адчуваць сябе часткай грамадства. Такія кантакты карысныя і для здаровых дзяцей, бо яны вучацца ўспрымаць інвалідаў як частку грамадства, больш разумець іх патрэбы.
Пасля абеда, які прайшоў у стал овай сярэдняй школы №2, удзельнікаў мерапрыемства чакаў канцэрт, які падрыхтавалі як супрацоўнікі аддзела культуры, так і самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота