Тэма канферэнцыі: "Міласэрнасць на дарогах трагедыі".
У сустрэчы бяруць удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, архімандрыт Сяргей Гаек, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, кіраўнікі дыяцэзіяльных аддзяленняў "Карытас" у Беларусі, а таксама прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый.
Сёлетняя канферэнцыя распачалася св. Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр. Падчас гаміліі прадстаўнік Папы падкрэсліў: “Тыя, хто дзейнічае ў дабрачынных арганізацыях Касцёла, павінны адзначацца тым, што не абмяжоўваюцца дакладным выкананнем таго, што патрэбна ў дадзены момант, але ўсім сэрцам прысвячаюць сябе другому так, каб ён пазнаў багацце іх чалавечнасці. Трэба весці іх да такога спаткання з Богам у Хрысце, якое абуджала б у іх любоў і адчыняла іхнія сэрцы на іншага, так, каб любоў да бліжняга не была ўжо для іх наказам, дадзеным звонку, але вынікам іх веры, якая дзейнічае праз любоў” (пар. Гал 5, 6).
Пасля св. Імшы да ўсіх прысутных са словамі прывітання звярнуліся дырэктар Рэлігійнай місіі "Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас" Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Віталій Дабраловіч і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Сардэчна вітаю ўсіх вас у гасцінным цэнтры Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, дзе сёння распачынаецца III Міжнароднае спатканне партнёраў “Карытас” Беларусі: “Міласэрнасць на дарогах трагедыі”. Ужо стала добрай традыцыяй, што час ад часу мы збіраемся на такім высокім узроўні, каб абмеркаваць цякучыя справы, паглядзець што добра, а што трэба паправіць, падзяліцца вопытам, заглянуць у заўтрашні дзень з мэтай як мага больш эфектыўна адказваць на выклікі і праблемы нашага часу і г.д.” - з такімі словамі звярнуўся да прыстутных мітрапаліт Тадэвуш.
Пленарнае пасяджэнне пачалося з дакладу Франка Рікена аб свабоднай бязвыплатнай дзейнасці ў сацыяльнай сферы. Пра значэнне валанцёраў ў сацыяльнай працы па догляду за пажылымі людзьмі, асабліва ў малых населеных пунктах распавёў кіраўнік Malteser Sandkrug Томас Мёле.
З дакладам "Міласэрнасць на дарогах трагедыі" выступіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Біскуп Алег звярнуў увагу на два фундаментальных паняцці: дарога і міласэрнасць, аб'яднанне якіх і з'яўляецца назвай тэмы канферэнцыі. Біскуп падкрэсліў, што гэтыя два паняцці мы можам назваць біблійнымі, таму што яны выступаюць не толькі ў тэксце св. Пісання, але кожнае з іх мае сваю спецыфіку ў тэалагічным вымярэнні. Менавіта таму адпраўным пунктам рэфлексіі стаў роздум асобна над кожным з гэтых паняццяў. “Міласэрнасць – гэта дарога, якая яднае Бога і чалавека, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы заўсёды будем любімымі, нягледзячы на абмежаванні, якімі ёсць наш грэх” - словамі Папы Францыска біскуп Алег завяршыў свой даклад.
11 кастрычніка адбудзецца завяршэнне ІІІ Міжнароднай сустрэчы партнёраў "Карытас" Беларусь. Другі дзень канферэнцыі будзе прысвечаны дыскусіям, прадстаўленню плана стратэгічнага развіцця арганізацыі і абмеркаванню далейшага супрацоўніцтва.