«Ніколі не будзем пакідаць малітву, нават калі яна здаецца нам бескарыснай» (Папа Францішак)
Па просьбе Папы Францішка 20 верасня 2016 года будзе адзначацца Дзень малітвы за мір. У гэты дзень - 20 верасня - у Асізі Папа Францішак прыме ўдзел у заключнай сустрэчы Сусветнага дня малітвы за мір. Менавіта ў Асізі па ініцыятыве Кангрэгацыі Святога Эгідзія на працягу трох дзён, з 18 па 20 верасня праводзілася міжрэлігійная сустрэча на тэму «Смага міру: дыялог рэлігій і культур».
Першы Сусветны дзень малітвы за мір у Асізі быў праведзены трыццаць гадоў таму, у 1986 годзе, па жаданні святога Папы Яна Паўла II. З тых часоў ён праводзіцца штогод і ў ім бяруць удзел многія прадстаўнікі розных рэлігій свету.
“Я заклікаю парафіі, касцёльныя асацыяцыі і паасобных вернікаў з усяго свету, перажываць гэты дзень як Дзень малітвы за мір. Сёння больш чым калі-небудзь нам патрэбны мір, калі паўсюль ў свеце працягваецца вайна. Мы молімся за мір. Па прыкладу св. Францішка, чалавека братэрства і лагоднасці, мы ўсе пакліканы ахвяраваць свету моцнае сведчанне нашай сумеснай прыхільнасці справе міру і прымірэння паміж народамі “, - сказаў Фрацнішак.
Да гэтай малітвы 20 верасня далучацца і вернікі Беларусі. У мінскай архікатэдры св. Імшу і адмысловае набажэнства ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Святая Імша пачнецца ў 18.30.