З 15 па 18 верасня ў Сараева (Боснія і Герцагавіна) праходзіць кангрэс Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы на тэму «Міласэрнасць — сведчанне пра веру праз дзейнасць». 

Праграма мерапрыемства вельмі насычаная. Побач са шматлікімі сведчаннямі аб дабрачыннай дзейнасці ўдзельнікі могуць наведаць і ацаніць магчымасці розных дабрачынных структур і арганізацый мясцовага Касцёла. Гэта і аддзелы «Карытас», і Інтэрнацыянальны цэнтр айцоў францішканаў, і дом і для дзяцей-сірот, і іншыя месцы — прычым на тэрыторыі Босніі, дзе гістарычна  пераважае мусульманскае насельніцтва. Усё гэта дазваляе ўбачыць, наколькі сур’ёзна, нягледзячы на існуючыя цяжкасці, Касцёл у Еўропе імкнецца выканаць сваю дабрачынную місію.

Адной з думак, якая гучала ў сведчаннях удзельнікаў, была тая, што справа міласэрнасці была б далека не поўнай, калі б гаворка ішла толькі пра матэрыяльную дапамогу. Як было адзначана, часта чалавеку патрэбна, каб заўважылі яго самога, напрыклад – проста выслухалі. Вядома, гэта можна зрабіць, толькі ахвяруючы свой час і нярэдка сваю прысутнасць, асабліва ў выпадку з хворымі ці вязнямі, было заўважана падчас мерапрыемства.

   

Таксама адзначалася, што тая ці іншая жыццёвая праблема часта з'яўляецца вынікам неўпарадкаванасці ў духоўнай сферы. Таму, як было сказана, эфектыўнасць матэрыяльнай дапамогі будзе залежаць ад вырашэння духоўных праблем чалавека. Інакш кажучы, нельга па-сапраўднаму аказаць міласэрнасць, пакінуўшы без увагі духоўны стан патрабуючага, прынамсі яго чалавечую годнасць.

Яшчэ адной думкай на кангрэсе было тое, што, калі казаць пра новую евангелізацыю (што актуальна і для Беларусі), то і тут учынкі міласэрнасці адыгрываюць вельмі важную ролю. Было падкрэслена, што, будучы вынікам навукі Хрыста, міласэрнасць, як ніколі, патрабуе сёння «матэрыялізацыі». Як было заўважана, каб хтосьці сёння паверыў і прыняў слова Езуса Хрыста, часта недастаткова пачуць ці прачытаць Божае слова: трэба, каб яно было рэалізавана, стала «датыкальным», зноў уцелавілася. Больш пераканаўчымі сёння з'яўляюцца не біблейскія цытаты, а біблейскія «ілюстрацыі», здзейсненыя ва ўчынках міласэрнасці — на гэта была звернута ўвага на мерапрыемстве.

«Крытэрый апостала Якуба “паказаць сваю веру з учынкаў” з'яўляецца першым і неад’емным сродкам евангелізацыі, — адзначыў для Catholic.by адзін з удзельнікаў кангрэса біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. — Таму хацелася б пажадаць кожнаму верніку нашай краіны, пачынаючы ад духоўных асобаў, каб мы не проста слухалі Божае слова і разважалі над ім, але і каб пераўтваралі яго ў наша жыццё кожны дзень».

http://catholic.by

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы