З пачаткам жніўня 2016 г. новым дырэктарам "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Раман Рачко. Новую пасаду ён будзе сумяшчаць з абавязкамі рэктара ВДС у Гродне. На пасадзе кіраўніка "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі святар замяніў кс. Віталія Дабраловіча, якія быў дырэктарам дабрачыннай арганізацыі з 2006 года.
У адпаведнасці з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ксёндз Віталій Дабраловіч у кастрычніку 2015 г. быў прызначаны дырэктарам Нацыянальнага Дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас".
Даведка:
Ксёндз Раман Рачко нарадзіўся 25 сакавіка 1979 г. у Алекшышках, належаў да парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы (Гродзенская дыяцэзія).
У 2002 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
24 мая 2003 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча ў гродзенскім катэдральным касцёле.
У 2003-2005 гг. вучыўся ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне (Польшча).
У 2005-2007 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у 2007-2009 гг. - намеснікам рэктара гэтай навучальнай установы.
З 2009 г. служыў у парафіі ў Рацінгене Кёльнскай архідыяцэзіі (Германія).
31 ліпеня 2014 г. быў прызначаны рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
1 жніўня 2016 г. быў прызначаны дырэктарам "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі.