19 жніўня ў ДУА "Цэнтр развіцця дзіцяці" адбыўся інтэграцыйны спектакль па матывах казкі Люіса Кэрала "Аліса ў Краіне Цудаў", галоўныя ролі ў якім сыгралі дзеці з асаблівасцямі развіцця. Мерапрыемства было падрыхтавана і праведзена валанцёрамі дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі.
Асноўнай мэтай спектакля было паказаць, што дзеці з дыягназам ДЦП не менш артыстычныя, камунікабельныя і таленавітыя. За час рэпетыцый дзеці праявілі сябе як вельмі творчыя і таварыскія асобы.
Падрыхтоўка да мерапрыемства доўжылася паўтара месяцы: за гэты час валанцёры напісалі сцэнарый, падрыхтавалі касцюмы і шмат разоў прарэпеціравалі ўсе сцэны з дзецьмі.
Спектакль уключаў у сябе разнастайныя конкурсы, песні і танцы. Дзеці з вялікай цікавасцю назіралі за падзеямі, што разгортваліся на сцэне. Акрамя дзяцей-акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў спектаклі, арганізатары імкнуліся максімальна задзейнічаць кожнага маленькага гледача з дапамогай конкурсаў і гульняў.
Па завяршэнні спектакля дзецям былі ўручаны падарункі.
Валанцёры "Карытас" упэўненыя, што падобнага роду мерапрыемствы будуць праведзены яшчэ не раз і шчыра спадзяюцца, што валанцёрскі склад гродзенскага "Карытас" неўзабаве пашырыцца і з'явіцца магчымасць праводзіць яшчэ больш яркія і маштабныя мерапрыемствы.
Алег Гарбачоў