Міласэрнасці Хрыста да кожнага сустрэчнага чалавека Папа прысвяціў свае разважанні на агульнай аўдыенцыі 15 чэрвеня, зыходзячы з евангельскага аповеду святога Лукі. Пантыфік пракаментаваў евангельскае апавяданне пра тое, як Езус вярнуў зрок сляпому, што сядзеў пры дарозе, просячы міласціну (Лк 18,35-43).
“У тую эпоху – а таксама і да нядаўняга часу – сляпы не мог жыць з чагосьці іншага, акрамя міласціны. Постаць гэтага сляпога прадстаўляе мноства людзей, якія таксама і сёння, знаходзяцца на ўзбочыне па прычыне сваёй няпоўнаспраўнасці фізічнага або іншага роду. Ён быў аддзелены ад натоўпу, сядзеў там пакуль людзі праходзілі, будучы вельмі занятымі, засяроджанымі ў сваіх думках; а дарога, якая можа быць месцам сустрэчы, была для яго месцам самотнасці”, - сказаў Папа.
Папа Францішак падкрэсліў, што горад Ерыхон, у ваколіцах якога адбылася гэта гісторыя, быў для выбранага народу “уваходнай брамай у абяцаную зямлю”. Менавіта тут Майсей заклікаў ізраільцян быць уважлівымі да бедных і патрабуючых братоў.
“Існуе рэзкі кантраст паміж гэтым прадпісаннем Божага Закону і сітуацыяй, апісанай у Евангеллі: у той час, як сляпы клікаў Езуса, людзі спрабавалі прымусіць яго змоўкнуць, нібыта ён не меў права прамаўляць. Не мелі спачування да яго, і нават больш за тое, адчувалі нязручнасць ад ягонага крыку. Часта, калі мы бачым на вуліцах патрабуючых, бедных людзей, якія не маюць есці, адчуваем нязручнасць. Часта, калі апынаемся перад шматлікімі бежанцамі, адчуваем нязручнасць. Гэта спакуса, якую маем усе мы. Таксама і я! Таму Божае слова нагадвае нам, што абыякавасць і варожасць робяць сляпымі і глухімі, перашкаджаюць бачыць братоў і не дазваляюць прызнаць у іх Пана”, - падкрэсліў Францішак.
У адрозненне ад натоўпу, сляпы бачыў вачыма веры. Ён пазнаў у Езусе чаканага Месію. Хрыстус жа вывеў сляпога з узбочыны дарогі і паставіў у цэнтр увагі сваіх вучняў і натоўпу, бо добрае абвяшчэнне прадугледжвае змяшчэнне ў цэнтр уласнага шляху, таго, хто быў адчужаны.
“Праход Пана – гэта сустрэча з міласэрнасцю, якая ўсіх збірае вакол Яго, каб дазволіць убачыць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і суцяшэнні. Таксама і ў нашым жыцці Езус праходзіць. А калі праходзіць Езус, і я гэта разумею, гэта становіцца заклікам, каб наблізіцца да Яго, стаць лепшым, быць лепшым хрысціянам, ісці за Езусам”, - сказаў Пантыфік.
Адказаўшы на просьбу сляпога, Хрыстус вярнуў яму зрок. Дзякуючы сваёй веры той змог бачыць, а перш за ўсё, адчуў сябе любімым Езусам, “пайшоў за Ім, славячы Бога”, стаў Яго вучнем.
“Ад жабрака да вучня, таксама і гэта наш шлях: усе мы з’яўляемся жабракамі. Мы заўсёды маем патрэбу ў збаўленні. Усе мы штодня павінны рабіць гэты крок: ад жабракоў да вучняў. Так сляпы пачаў наследаваць Пана і далучыўся да Яго супольнасці. Той, каго хацелі прымусіць змоўкнуць, зараз гучным голасам сведчыць пра сваю сустрэчу з Езусам Назаранінам, і увесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу”. Адбыўся другі цуд: тое, што здарылася са сляпым дапамагае таксама і народу нарэшце бачыць. Тое самае святло асвятляе ўсіх, яднаючы іх у малітве праслаўлення. Так Езус вылівае сваю міласэрнасць на ўсіх каго сустракае: кліча іх, дазваляе прыйсці да сябе, збірае, аздараўляе і асвятляе, ствараючы новы нарол, які святкуе цуды Яго міласэрнай любові”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак заклікаў вернікаў дазволіць Езусу паклікаць, аздаравіць і прабачыць іх і быць гатовымі ісці за Ім.