Папа Францішак узначаліў 12 чэрвеня 2016 г. Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, на якой прысутнічалі 50 тысяч удзельнікаў “Юбілею людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых”, які праходзіў у мінулыя дні ў Рыме і Ватыкане ў кантэксце Года Божай Міласэрнасці. Ён заўважыў, што “тое, як мы змагаемся з пакутамі і абмежаваннямі з’яўляецца крытэрыем нашай свабоды, каб надаць сэнс выпрабаванням жыцця, нават калі яны здаюцца нам абсурднымі і незаслужанымі”.
Папа адзначыў, што кожны, рана ці позна пакліканы супрацьстаяць, а часам і весці барацьбу з чалавечай тленнасцю і хваробамі, а таксама крохкасцю і захворваннямі іншых. А гэта, у сваю чаргу, ставіць “больш востра і актуальна пытанне пра сэнс існавання”.
Ён адзначыў, што “чалавечая прырода, параненая грахом, нясе ў сабе рэальнасць абмежавання”. Сёння часта лічыцца, што чалавек хворы або з абмежаванымі магчымасцямі не можа быць шчаслівым, таму што не ў стане рэалізаваць стыль жыцця, навязаны культурай задавальнення і забавы. Наступіў той час, калі клопат пра цела стаў масавым міфам і эканамічным інтарэсам, калі недасканалае павінна быць схавана. Лепш трымаць хворых у ізаляцыі, за плотам, – так лічыць сённяшні свет, з болем заўважыў Пантыфік. А ў некаторых выпадках лічыцца, што лепш, пазбавіцца ад іх, як толькі яны становяцца невыносным фінансавым цяжарам у перыяд крызісу.
На самой справе сённяшні чалавек жыве ілюзіяй, калі закрывае вочы перад абліччам хваробы і інваліднасці, не разумее сапраўднага сэнсу жыцця, які ўтрымлівае таксама прыняцце пакут і абмежаванняў. Свет становіцца лепшым не дзякуючы існаванню людзей уяўна “ідэальных”, а дзякуючы салідарнасці паміж людзьмі, узаемнаму прызнанню і павазе, падкрэсліў Папа.
Ён нагадаў, што існуе не толькі фізічны боль, “на сённяшні дзень адной з найбольш распаўсюджаных паталогіі з’яўляецца боль, які закранае дух”. Гэта адбываецца таму, што сёння не хапае любові. Калі мы адчуваем расчараванне або здраду ў важных адносінах, з’яўляецца вельмі моцная спакуса закрыцца ў сабе; і гэта становіцца рызыкай страты жыццёвага шансу – любіць нягледзячы ні на што. Шчасце можа быць дасягнута толькі тады, калі мы здольныя любіць. Колькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі па-новаму адкрывае жыццё, калі адчуваюць, што іх любяць! І тут самы яскравы прыклад нам даў Езус, Які палюбіў нас да канца; на крыжы Ён паказаў любоў, якая дае сябе без межаў.
Паводле Францішка, тое, як мы перажываем хваробу або інваліднасць з’яўляецца паказчыкам любові, якую мы гатовыя прынесці ў ахвяру, а тое, наколькі мы ўмеем перажываць пакуты і абмежаванні, з’яўляецца крытэрыем нашай свабоды.
Матэрыял сайту be.radiovaticana.va