21 красавіка 2016 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі Нацыянальнага кангрэсу італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў “Caritas”. У сваёй доўгай прамове, Пантыфік даў каштоўныя парады супрацоўнікам гэтай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі.
Святы Айцец нагадаў аб важнасці “адукацыйнай місіі”, якая заключаецца ў тым, каб дапамагаць бедным узрастаць у годнасці, хрысціянскім супольнасцям – ісці шляхам Хрыста, а грамадзянскай супольнасці – сумленна прымаць уласныя абавязкі.
“Caritas” паклікана зрабіць так, каб дабрачыннае служэнне стала абавязкам кожнага, “гэта значыць, каб ўся хрысціянская супольнасць стала суб’ектам міласэрнасці”. Трэба “быць стымулам і душой, каб уся супольнасць узрастала ў міласэрнасці і была здольнай знаходзіць новыя шляхі набліжэння да бедных, разумення і рэагававання на сітуацыі, якія прыгнятаюць мільёны братоў – у Італіі, у Еўропе, у свеце”, сказаў Папа.
Францішак адзначыў важнасць валантарыяту, стымулявання грамадскіх структур і заканадаўства на карысць супольнага дабра і абароны самых слабых членаў грамадства. Неабходна барацьба з прычынамі беднасці, маргіналізацыі, механізмамі, якія ствараюць несправядлівасць і дзейнасць “супраць усіх структураў граху”.
“Для гэтай мэты патрэбна навучанне асобных людзей і груп свядомым ладам жыцця, каб ўсе адчувалі сябе па-сапраўднаму адказнымі за ўсіх”, - сказаў Пантыфік. Ён нагадаў, аб важнасці пашырэння парафіяльных аддзяленняў “Caritas”. Перад абліччам міграцыйнага крызісу супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі павінны спрыяць інтэграцыі замежнікаў у грамадства, авалодваючы культурнымі і прафесійнымі інструментамі, адпаведнымі складанасці феномену і яго асаблівасцям.
Выключную ролю ў місіі “Caritas”, паводле Папы, граюць сем’і, для якіх любоў з’яўляецца душой і місіяй. “Самыя складаныя адказы на многія бедствы могуць быць дадзены менавіта тымі сям’ямі, якія пераўзыходзячы спакусу “кароткай” і эпізадычнай салідарнасці, якая часам таксама неабходна, вырашаюць супрацоўнічаць паміж сабой і ўсімі іншымі службамі салідарнасці на тэрыторыі, прадстаўляючы рэсурсы ўласнай штодзённай адкрытасці. Колькі цудоўных прыкладаў гэтага мы маем у нашых супольнасцях!”, - сказаў Папа.
Напрыканцы сустрэчы Папа Францішак заклікаў без страху адказаць Пану, які выходзіць насустрач у абліччах і гісторыях самых патрабуючых братоў і сясцёр. Бедныя, на яго думку – гэта прапанова, з якой Бог звяртаецца да Касцёла, каб ён ўзрастаў у любові і вернасці.
Нацыянальны кангрэс італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў “Caritas” праходзіў у Рыме 18-21 красавіка 2016 г. Ён быў прымеркавана да 45-годдзя стварэння гэтай арганізацыі.