У жыцці дабрачыннага таварыства “Карытас” ужо добрай традыцыяй стала правядзенне “Рады Карытас”, падчас якой дырэктары дыяцэзіяльных адзяленняў разам з супрацоўнікамі абмяркоўваюць найважнейшыя пытанні, якія датычацца дзейнасці арганізацыі.
30 сакавіка прадстаўнікі “Рады Карытас” сабраліся ў офісе Нацыянальнага “Карытас”.
На пачатку сустрэчы кс. Віталій Дабраловіч прывітаў сабраных і адзначыў, што ў такім саставе “Рада Карытас” яшчэ не сустракалася. На сёлетнім спатканні ўпершыню прысутнічаў старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама новы дырэктар ДКТ “Карытас-Міласэрнасць” у Гомелі кс. Андрэй Шут.
На спатканні прысутныя мелі магчымасць паразважаць над агульнымі клопатамі і складанасцямі, з якімі сутыкаюцца арганізацыі, рэалізуючы сваю найважнейшую місію – распаўсюджванне запаведзяў Езуса Хрыста аб хрысціянскай міласэрнасці.
Паміж іншым абмяркоўваліся мерапрыемствы з нагоды 30-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, паездка прадстаўнікоў “Карытас” Беларусі на Рэгіянальную канферэнцыю ў г. Лурд, а таксама ІІІ Міжнародная сустрэча партнёраў “Карытас” Беларусі, якая адбудзецца 25-26 кастрычніка 2016 г. у Мінску.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі “Рады Карытас” у малітве даверылі Богу тыя пытанні, якія былі абмеркаваны, і на далейшую працу атрымалі Божае бласлаўленне ад біскупа Алега Буткевіча.