У трэцюю нядзелю Вялікага посту традыцыйна ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаецца Дзень «Карытас». У гэты дзень ва ўсіх святынях нашай краіны вернікі складаюць дабравольныя ахвяраванні на ўтрыманне дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» у Беларусі і моляцца за тых, хто ўтварае гэтую арганізацыю і дапамагае ёй.
Сёння шмат людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, часам кавалку хлеба, добрым слове або якіхсьці грошах. Яны не ў стане забяспечыць сабе штодзённае існаванне і аддадзены на волю іншых. Дабрачыннае таварыства «Карытас» у нашай краіне рэалізуе разнастайныя праекты, мэта якіх – аказанне дапамогі менавіта такім людзям, якія з розных прычын апынуліся на ўзбочыне жыцця: адкінутыя, нікому не патрэбныя.
Cвяты Ян Павел ІІ казаў: «Чалавек вялікі не праз тое, што мае, не праз тое, кім ёсць, а праз тое, чым дзеліцца з іншымі».
Асабліва ў Вялікі пост Касцёл запрашае вернікаў дзяліцца тым, што маем, практыкаваць у гэты час учынкія пакаяння, такія, як пост, малітва і міласціна. Гэтыя ўчынкі з’яўляюцца сімваламі волі навяртання ў трох найважнейшых сферах чалавечага жыцця: у дачыненні да сябе, да Бога і да бліжняга.
Чым для нас сёння з’яўляецца міласціна? Ці дапамагаем мы людзям з патрэбы сэрца? Ці памятаем, што міласціна – акрамя посту і малітвы – важная ўмова правільнага перажывання Вялікага посту?
Міласціна – гэта форма любові да бліжняга. На жаль, гэтае слова стала сёння вельмі «нямодным», звязваецца з залежнасцю ад іншых людзей, нядобрай літасцю і нават пагардай. Святое Пісанне шмат разоў узгадвае пра абавязак даваць міласціну, а нагодай да міласіны павінна быць любоў да Бога і бліжняга. Нам варта прыняць сабе глыбока ў сэрцы словы Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 41).
Менавіта гэтая сувязь міласціны з любоўю ўчыняе тое, што яна больш каштоўная за золата, ачышчае ад грахоў, узбагачае не толькі таго, які штосьці атрымлівае, але і таго, які дае.
Абавязак даваць міласіну датычыць усіх: не толькі багатых, але і тых, якія самі маюць няшмат. Бо міласціна – гэта не толькі дзяленне матэрыяльнымі дабротамі: у шырокім сэнсе маецца на ўвазе дзейсная любоў хрысціяніна да іншых людзей.
Пры даванні міласціны важна не толькі тое, колькі мы даём іншаму чалавеку ў вымярэнні чыста матэрыяльным, але і тое, ці з’яўляецца гэта бескарыслівым, сапраўдным дарам сэрца.
Таму заахвочваем падтрымаць у трэцюю нядзелю Вялікага посту нашымі малітвамі дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» у нашай краіне, падзяліцца тым, што маем, і няхай наш дар будзе паходзіць з глыбіні сэрца, будзе дарам любові.
Кс. Юрый Марціновіч, catholic.by