З 16 па 18 лютага прайшлі вялікапостныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас”. У гэтым годзе ўдзельнікаў ветліва прымаў цэнтр св. Лукі пры Мінска-Магілёўскім “Карытас”. “Толькі Любоў годная веры”- менавіта пад такім дэвізам праходзілі рэкалекцыі, якія прамаўляў айцец Арыюш Малыска OFMCap.

З розных куткоў Беларусі сабраліся супрацоўнікі і валанцёры, каб разам, у духу еднасці і пакоры перажыць час Вялікага Посту. Такія духоўныя практыкаванні сталі ўжо добрай традыцыяй у жыцці “Карытас” у Беларусі.

 “Міласэрнасць - гэта Любоў ва ўчынках, а ўчынкі павінны быць адлюстраваннем Таго, у Каго верым”, - падкрэсліў айцец Арыюш падчас канферэнцыі. У канферэнцыях закраналіся такія тэмы, як вера, дабро і зло, асабістае духоўнае жыццё. Шмат увагі айцец-рэкалекцыяніст звяртаў таксама і на  неабходнасць прымаць удзел у парафіяльных супольнасцях.

             

Як азначыў айцец Арыюш, “святая Імша - гэта момант, калі Неба сутыкаецца з зямлёй”, таму цэнтрам кожнага рэкалекцыйнага дня была святая Эўхарыстыя, якая збірае і яднае вакол сябе.

Падчас рэкалекцый было дастаткова часу для асабістай малітвы, разважанняў, чытання духоўнай літаратуры і духоўных размоў са святарамі.
Асаблівым момантам рэкалекцый стала Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, укленчыўшы перад якім, кожны з прысутных у ціхай малітве давяраў Богу сваю працу, супрацоўнікаў і ахвярадаўцаў.

         

“Любіць так, як любіць Бог”- гэтага на далейшую працу пажадаў прысутным айцец Арыюш Малыска OFMCap.

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы