5 студзеня ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыўся традыцыйны калядна-навагодні баль для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі з групы «Бэтэль».
Мерапрыемства арганізавалі і правялі дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі і Міжнародны дабрачынны рух «Бэтэль».
Баль ўрачыста адкрыў дырэктар «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч. У балі прымалі ўдзел 37 маладых людзей з абмежаванымі здольнасцямі, іх бацькі і валанцёры «Бэтэль». Сабраныя танцавалі, прымалі ўдзел у падрыхтаваных валанцёрамі конкурсах, а асобы з абмежаванымі магчымасцямі падрыхтавалі калядную гісторыю, а таксама вершы і спевы пра зіму.
Прыемным пунктам праграмы стаў пачастунак, фінансаваны «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі, і падарункі ад «Бэтэль», якія ўручаў святы Мікалай.
Агнешка Атрашкевіч, http://catholic.by/2/home/news/belarus/charity/128468-bal.html