3 снежня “Карытас” парафіі Нараджэння Маці Божай у г. Браславе пры фінансавай падтрымцы партнёраў з Чэхіі – такой жа дабрачыннай арганізацыі з Прагі, арганізаваў для юных вернікаў маленькія Калядкі.
Гасцей прыйшло менш, чым чакалі арганізатары. Напэўна, хлопчыкаў і дзяўчынак напалохаў моцны і нязвыклы яшчэ для браслаўчан мароз. Але свята прайшло весела.Прысутных дзяцей і дарослых павіншаваў з Божым Нараджэннем ксёндз пробашч Станіслаў, пасля чаго на імправізаванай сцэне разгарнулася дзейства, якое расказвала пра нараджэнне Езуса, пра пастушкоў і валхвоў, якія прыйшлі яму пакланіцца, і злога Ірада, загадаўшага забіць усіх немаўлят. П’есу паставілі дзеці старэйшага ўзросту, а рэжысёрам выступіла сястра-эўхарыстка Таццяна.
Потым усе разам паспявалі “Калядкі”, дзе запяваламі былі юныя салісткі, выхаванкі арганісткі Іны Сапун, а таксама юнакі з ансамбля “Крылы ангела”.
І па традыцыі канцэрт прадоўжылі самі гледачы. Яны чыталі вершы, спявалі песні, выступіў амаль кожны і атрымаў за нумар у імправізаваным канцэрце мяккую цацку.
Дзяці з задавальненнем удзельнічала ў забавах, а нагуляўшыся і навесяліўшыся пачаставаліся прысмакамі за салодкім сталом.
Тамара Пашкевіч, тэкст;
Ірына Гайдамовіч, фота
Матэрыял сайту catholicnews.by