1 студзеня 2016 г.

Бог клапоціцца пра нас і ніколі не пакідае адных

Дарагія браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю вас усіх, віншую з Новым 2016 годам і жадаю Божага благаслаўлення, поспехаў, радасці і шчасця на кожны яго дзень.

 Новы год у Каталіцкім Касцёле пачынаецца ўрачыстасцю ў гонар Марыі Багародзіцы. Гэта не выпадкова, бо з Марыяй і Яе згодай з Божай воляй распачалося практычнае ажыццяўлення Божага плану збаўлення. З Марыяй і мы распачынаем новы год, каб Яна прыкладам свайго «Fiat» — «Згоды з Божай воляй» — спадарожнічала на шляхах новага перыяду нашага жыцця. Сёння мы пачынаем пісаць новую старонку нашага жыцця. Няхай яна будзе напоўнена Божай воляй, як гарантыяй шчасця ў гэтым жыцці і вечнасці. 

2. Традыцыйна Новы год у Касцёле – гэта Сусветны дзень міру. Сёлета Касцёл яго адзначае ўжо ў 49-ы раз. Звычайна Папа піша на гэты дзень спецыяльнае пасланне, у якім разглядае надзённыя праблемы міру і яго захавання. Тэма сёлетняга паслання Папы Францішка — «Перамажы абыякавасць і здабудзеш мір».

Гэтае пасланне Святога Айца перадусім з’яўляецца зваротам як да ўсіх людзей, так і да сусветных лідараў і падрыхтавана ў кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці. У ім Пантыфік канцэнтруецца на пераадоленні глабалізацыі абыякавасці (пар. П 3), якая ўсё больш і больш праяўляецца ў сучасным свеце. Папа распачынае сваё пасланне заклікам: «Бог не абыякавы! Бог клапоціцца пра ўсё чалавецтва! Бог нас не пакідае». Таму мы не можам губляць надзеі, але ў новым годзе павінны актыўна ўключыцца ў будаванне міру, які з’яўляецца давераным людзям Божым дарам (пар. П 1).

Нягледзячы на тое, што ў фрагментарнай форме практычна ўжо адбываецца трэцяя сусветная вайна, Папа Францішак тым не менш бачыць знакі надзеі, якімі могуць служыць як, напрыклад, Парыжскае пагадненне па клімаце, саміт у Адыс-Абебе з мэтай пошуку сродкаў на ўраўнаважанае развіццё ў свеце і прыняцце праз Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый плану па ўстойлівым развіцці да 2030 г. 

Юбілейны Год Міласэрнасці, які распачаўся, таксама з’яўляецца запрашэннем да прабачэння і адмовы ад абыякавасці, што стала праблемай сусветнага маштабу і пагрозай чалавецтву і міру. Папа падкрэслівае, што, каб выйграць у абыякавасці, трэба стварыць сапраўдную культуру салідарнасці і міласэрнасці (пар. П 2).

У сваім пасланні Святы Айцец Францішак падкрэслівае розныя тыпы абыякавасці, пачынаючы ад абыякавасці да Бога, што вядзе да абыякавасці да іншых людзей і прыроды. Такая абыякавасць з’яўляецца вынікам фальшывага гуманізму і практычнага матэрыялізму, злучаных з рэлятывістычнымі і нігілістычнымі напрамкамі мыслення сучаснага чалавека. Чалавек думае, што з’яўляецца самадастатковым, і імкнецца абыйсціся без Бога. У выніку чаго ён мяркуе, што нікому і нічога не абавязаны, і жадае толькі правоў. Але ні сам чалавек, ні яго развіццё без Бога не могуць надаць яго жыццю сэнс (пар. П 3).

Абыякавасць адносна іншых людзей можа прымаць розныя формы. Адны, найперш з медыя, ведаюць пра праблемы і драмы сучаснага чалавека, але клапоцяцца толькі пра сябе саміх.

У іншых – гэта недахоп чуласці да рэчаіснасці, асабліва да аддаленай. Яны не цікавяцца і не хочуць ведаць пра праблемы іншых людзей, жывуць сваім багатым і выгодным жыццём, застаючыся глухімі да крыку церпячых.

Жывучы ў супольным доме, якім ёсць наша зямля, мы не можам не клапаціцца пра яе стан. Экалагічны крызіс — гэта не што іншае, як вынік абыякавасці адносна іншых, бо ў свеце ўсё звязана паміж сабой.

У гэтых і падобных выпадках абыякавасць вядзе да закрыцця ў сабе і ўхілення ад абавязкаў, што з’яўляецца прычынай адсутнасці міру з Богам, бліжнімі і стварэннем (пар. П 3).

3. Далей Папа засяроджвае сваю ўвагу на глабалізацыі абыякавасці. Ён нагадвае аб тым, што абыякавасць да Бога выходзіць па-за сферу дзеяння паасобнага чалавека і актыўна ўплывае на грамадскую і публічную сферу, што вядзе да сацыяльнай несправядлівасці і вынікаючых з гэтага канфліктаў.

Абыякавасць адносна акружаючай нас прыроды з’яўляецца прычынай экалагічнага крызісу, няўпэўненасці і недахопу бяспекі, а таксама стварае новы тып убоства і новыя сітуацыі несправядлівасці (пар. П 4).

4. Перад выклікам такіх небяспечных праяўленняў абыякавасці Папа заклікае ад яе перайсці да міласэрнасці. Пантыфік на прыкладзе забойства Каінам Абэля і цяжкай сітуацыі Выбранага народа ў егіпецкай няволі прыгадвае аб тым, што Бог не абыякавы да лёсу чалавека. Ён чуйны, дзейнічае і дапамагае. Таксама і ў сваім Сыне Езусе Хрысце Ён прыйшоў да людзей, атаясаміўся з імі і праявіў сваю салідарнасць з імі ва ўсім, акрамя граху. Дапамагаў ім, лячыў, чыніў дабро, узрушваўся і плакаў, імкнуўся пакласці канец пакутам, смутку, бядзе і смерці. Таму Ён вучыць нас быць міласэрнымі, як міласэрны наш Нябесны Айцец.

Паводле Папы Францішка, міласэрнасць з’яўляецца сэрцам Бога і таму павінна быць сэрцам людзей, бо чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Гэтае сэрца павінна біцца рытмічна і моцна, асабліва там, дзе пад пагрозай знаходзіцца чалавечая годнасць.

Пантыфік падкрэслівае, што першая праўда Касцёла — любоў Хрыста. Касцёл з’яўляецца слугой гэтай любові, прабачаючай і нават аддаючай сваё жыццё за іншых. Таму паўсюль там, дзе ёсць Касцёл, павінна быць бачна міласэрнасць Нябеснага Айца. Парафіі, супольнасці, рухі і г.д. павінны стаць аазісамі міласэрнасці.

Таму міласэрнасць павінна быць праграмай нашага жыцця, што патрабуе навяртання сэрца. Гэта азначае, што Божая ласка павінна ператварыць нашы каменныя сэрцы ў сэрцы з цела, каб яны ў духу салідарнасці былі адкрытымі на патрэбы іншых (пар. П 5).

5. Наступным заклікам Святога Айца з’яўляецца заклік культываваць салідарнасць і міласэрнасць з той мэтай, каб пераадолець абыякавасць. Пры гэтым Папа падкрэслівае, што салідарнасць, як маральная цнота, з’яўляецца грамадскім базісам для асабістага навяртання і патрабуе адпаведнай адукацыі і выхавання. У гэтым працэсе асаблівая роля належыць сям’і. Яна з’яўляецца першым месцам перадачы каштоўнасці любові і братэрства, суіснавання і ўзаемнага дзялення, клопату і апекі над іншымі. Сям’я таксама з’яўляецца прывілеяваным асяроддзем перадачы веры.

Выхаваўцы ў школе і іншых месцах фармацыі маладых людзей павінны ўсведамляць, што іх адказнасць датычыць маральнага, духоўнага і грамадскага вымярэння чалавечай асобы.

Таксама дзеячы культуры і працаўнікі медыя з’яўляюцца адказнымі за выхаванне і фармацыю людзей. Іх першасным заданнем ёсць служыць праўдзе, а не партыкулярным інтарэсам. Таму культура і медыя павінны служыць укараненню духоўнасці (пар. П 6).

6. Паказваючы, што мір з’яўляецца плёнам культуры салідарнасці, міласэрнасці і спагады, а таксама нагадваючы пра звязаныя з глабалізацыяй абыякавасці праблемы, Папа адначасова заўважае, што ў такой складанай сітуацыі ёсць і пазітыўныя ініцыятывы, якія сведчаць аб спачуванні і салідарнасці. Гэта перадусім няўрадавыя дабрачынныя і грамадскія арганізацыі, якія спяшаюцца з дапамогай да тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, як хворыя, бедныя, мігранты і г.д. Іх дзейнасць — гэта ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы, паводле якіх Бог будзе нас судзіць напрыканцы жыцця.

Папа Францішак таксама падкрэслівае ролю журналістаў і фатографаў. Яны інфармуюць грамадства аб цяжкіх сітуацыях, якія з’яўляюцца выклікамі для сумлення чалавека. Не без увагі Пантыфіка застаюцца праваабаронцы, якія ў першую чаргу бароняць правы этнічных і рэлігійных меншасцяў, карэнных народаў, жанчын, дзяцей і тых, хто жыве ў цяжкай сітуацыі. Сярод іх шмат святароў і місіянераў, якія, як добрыя пастыры, заўсёды застаюцца са сваімі вернікамі. Многія сем’і, нягледзячы на сучасныя тэндэнцыі, стараюцца выхоўваць сваіх дзяцей у духу салідарнасці, спачування і братэрства. У гэтым працэсе таксама заўважальны актыўны ўдзел моладзі (пар. П 7).

7. Сваё пасланне Папа завяршае разважаннямі аб міры пад знакам Юбілейнага Года Міласэрнасці. У гэты час усе пакліканы да распазнання таго, як абыякавасць праяўляецца ў іх жыцці, і да выпраўлення рэчаіснасці, у якой мы жывём. У гэтым працэсе таксама павінны прымаць удзел сем’і, суседзі і асяроддзі працы.

Пантыфік заклікае прадстаўнікоў улады да канкрэтных учынкаў адносна вязняў, мігрантаў, беспрацоўных і хворых, каб дапамагчы ім. У тым ліку Папа яшчэ раз звяртае ўвагу на неабходнасць адмены смяротнага пакарання, разважання над магчымасцю амністыі і стварэння месцаў годнай працы для ўсіх людзей.

Узгадваючы аб праблемах, якія вынікаюць з абыякавасці, Папа заклікае кіраўнікоў дзяржаў да аднаўлення адносін з іншымі народамі, каб сумесна вырашаць узнікаючыя праблемы. Пры гэтым ён канкрэтна заклікае да ўстрымання ад уцягвання іншых народаў у збройныя канфлікты, да анулявання або да ўстойлівага распараджэння міжнародным доўгам бедных краін і да палітыкі супрацоўніцтва, якая замест палітыкі сляпой паслухмянасці дыктатурам некаторых ідэалогій павінна шанаваць каштоўнасці мясцовых народаў і не шкодзіць праву ненароджаных да жыцця.

На завяршэнне паслання Папа Францішак свае разважанні давярае Марыі, каб выпрасіла ў свайго Сына — Караля міру — благаслаўленне для нашых высілкаў у справе будавання братэрскага і салідарнага свету (пар. П 8).

8. Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючы новы 2016 год, услухаемся ў словы Папы Францішка, зробім рахунак сумлення адносна таго, ці мы часам таксама не з’яўляемся абыякавымі да праблем канкрэтнага чалавека і сучаснага свету.

У першы дзень новага перыяду нашага жыцця даверымся Марыі, як нашай духоўнай Маці, якая заўсёды клапоціцца пра нас і якая падчас вяселля ў Кане Галілейскай была неабыякавай і выпрасіла ў Езуса першы цуд перамянення вады ў віно, каб мы следавалі Яе прыкладу і ніколі не былі абыякавамі да патрэбаў іншых людзей і гэтым самым будавалі трывалы мір на зямлі.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 27 снежня 2015 г.
Свята Святой Сям’і

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак. Пасланне на 49-ы Сусветны дзень міру (П).

http://catholic.by/2/home/news/belarus/hierarchs/128348-mir-49.html

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы