У нядзелю, 27 снежня, валанцёры гродзенскага "Карытас" віншавалі маленькіх пацыентаў артапеда-траўматалагічнага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы, са святам Нараджэння Пана і надыходзячым Новым Годам.
Сам праект "Анёлы дабра", у рамках якога валанцёры наведваюць дзяцей у траўматалогіі, існуе ўжо амаль 2 гады. Кожную нядзелю з 17:00 да 19:00 валанцёры прыходзяць і дапамагаюць дзецям цікавей правесці час: з імі малююць, гуляюць у разнастайныя гульні, чытаюць, робяць вырабы і гэтак далей.
Але гэта нядзельная наведванне было не зусім звычайным. Акрамя валанцёраў, са святамі дзяцей віншаваў і сам Св. Мікалай. Вельмі цешыць, што наведванне Св. Мікалаем дзяцей у праекце "Анёлы дабра" ужо становіцца выдатнай штогадовай традыцыяй. Ён наведаў усе палаты, паразмаўляў з кожным дзіцем, праспяваў з дзецьмі песні, падараваў усім салодкія падарункі і разам з валанцёрамі пажадаў дзецям хутчэйшага выздараўлення. Дзеці засталіся вельмі задаволенымі, бо прыход Св. Мікалая стаў для іх вялікім і вельмі прыемным сюрпрызам.
Бачыць усмешкі дзяцей - незвычайнае шчасце і лепшая ўзнагарода для валанцёраў "Карытас" Гродна, таму што асноўная мэта праекта- падарыць дзецям станоўчыя эмоцыі, якіх у бальніцы так не хапае.
Марыя Янкевіч
Фота Крысціна Рукша