19 снежня ў гандлёвым цэнтры «Карона» ў Гродне праходзіла дабрачынная калядная акцыя па зборы падарункаў для дзяцей з парушэннем слыху, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і са шматдзетных сем’яў. Акцыя пачалася выступленнем выхаванцаў Гродзенскай гарадской спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Дзякуючы творчаму выступленню дзяцей у прысутных узняўся настрой, яны маглі натхніцца на добрыя справы.

Пасля міні-канцэрту пачалася непасрэдна сама акцыя. Валанцёры гродзенскага «Карытас» запрашалі наведвальнікаў гандлёвага цэнтра прыняць у ёй удзел і зрабіць падарункі для дзяцей на Божае Нараджэнне.

         

На заклік падарыць дзецям радасць адгукнулася вельмі шмат людзей, і амаль кожны зрабіў свой унёсак у добрую справу. Гледзячы на тых, хто ўжо дапамог, да акцыі далучаліся новыя людзі. 

Да заканчэння акцыі было сабрана шмат канцылярскіх тавараў, сродкаў асабістай гігіены, цацак, абутку і адзення. 

З мерапрыемства валанцёры пайшлі стомленыя, але шчаслівыя. Яны вераць у тое, што падобныя акцыі вельмі важныя, бо дазваляюць кожнаму зрабіць унёсак у добрую справу і зрабіць свет лепшым.

Марыя Янкевіч

Фота Алега Гарбачова

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы