20 снежня тэрыторыя Чырвонага Касцёла ўяўляла сабой сапраўдны пляц "Карытас". Таму што менавіта ў чацвёртую нядзелю Адвэнту прадстаўнікі дыяцэзіяльных аддзяленняў "Карытас" прыехалі ў Мінск, каб прадставіць вырабы, якія яны змайстравалі разам з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Гэтыя вырабы можна было набыць у падарунак родным і знаёмым на Калядныя святы, а таксама дзеля таго, каб упрыгожыць Вігілійны стол.
У нядзельную раніцу супрацоўнікі "Карытас" сустрэліся каля Касцёлу свв. Сымона і Алены, каб праз прадстаўленне Калядных вырабаў прыцягнуць увагу вернікаў да клопатаў патрабуючых, а таксама акцэнтаваць увагу на тым, чым з’яўляецца “Карытас” у Беларусі і якую ролю ён адыгрывае ў жыцці Касцёла і ўсяго грамадства. У прадстаўнікоў “Карытас” можна было падрабязней даведацца аб дзейнасці, якую вядзе дабрачыннае таварыства і запісацца ў валанцёрскі рух.
Валанцёры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі распавялі, што тыя вырабы, якія яны прадставілі на акцыі, рабілі валанцёры разам з групай “Betel”, у якой сацыяльныя працаўнікі займаюцца з людзьмі з рознага роду псіха-фізічнымі захворваннямі. Кожны дзень калі чатырох гадзін яны старанна майстравалі розныя вырабы, ад калядных паштовак да імбірнага печыва на навагоднюю ялінку. Як заўважаюць самі валанцёры, такога роду праца вельмі неабходна. Таму што ўжо на працягу некалькіх гадоў можна заўважыць, як удзельнікі групы ўзрастаюць у сваіх здольнасцях, а здольнасці ў іх сапраўды вялікія! “Такой шчырасці і адданасці справе яшчэ трэба павучыцца!”- дадае Ганна, валанцёр “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, якая яшчэ ў школьным узросце прыйшла ў валанцёрскі рух, каб аддаваць сваё добрае сэрца патрабуючым.
“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі прапанавалі пачытаць улёткі аб дзейнасці, якая вядзецца на Гродзеншчыне, а таксама распавялі, што тыя вырабы, якія яны прадставілі, старанна рабілі валанцёры, штодня ахвяроўваючы свой час.
Мінска-магілёўскі “Карытас” таксама знаёміў усіх жадаючых са сваёй працай і заахвочваў тэлефанаваць на дабрачынную лінію арганізацыі са стацыянарнага тэлефону, тым самым ахвяруючы сродкі на ўтрыманне дома ў цэнтры cв. Лукі, у якім жывуць сем'і з дзецьмі з анкалагічнымі захворваннямі.
Што значыць быць міласэрным у стаўленні да бліжняга? Здаецца, што столькім трэба дапамагаць- і дзецям і самотным людзям, што адзін чалавек можа зрабіць? Такі чалавек забываецца, што і мора складаецца з мноства кропелек. Не можа ўсё, але можаш пачаць!
Арганізацыя “Карытас” выказвае падзяку ўсім, хто далучыўся да акцыі. Няхай добры Бог бласлаўляе Вас ва ўсіх Вашых справах!