17 снежня ў цэнтры св. Лукі пры “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. Такія сустрэчы ўжо сталі добрай традыцыяй для “Карытас” у Беларусі. Яны ладзяцца дзеля таго, каб напярэдадні свята Божага Нараджэння сустрэцца ўсім разам, як адна вялікая сям’я, і падзяліцца адно з адным радасцю і цеплынёй ад Нараджэння Езуса Хрыста.
На сустрэчы прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і кіраўнікі дыяцэзіяльных «Caritas».
Таксама на сустрэчы прысутнічаў былы дырэктар Нацыянальнага “Карытас ”кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які на працягу шасці год узначальваў “Карытас” ў Беларусі.
![]()
Свята распачалося св. Імшой, падчас якой усе прысутныя дзякавалі Богу за яшчэ адзін год плённага служэння ў “Карытас”.
Падчас гаміліі арцыбіскуп нагадаў прысутным, што “Карытас”- гэта не праца, а служэнне. І кожнаму з прысутных пажадаў сапраўднай пакоры на гэтым служэнні. Той пакоры, якая дапагае спазнаць самога сябе і прызнацца ў сваіх недахопах і слабасцях, каб, беручы прыклад з Езуса Міласэрнага, ісці да тых, каму патрэбна дапамога, падтрымка і любоў. Арцыбіскуп падкрэсліў, што перад тым, як людзі ўбачаць Міласэрнасць Хрыста, яны павінны адчуць людскую прыхільнасць да сябе.
![]()
Па ўжо добрай традыцыі, падчас Каляднай сустрэчы дырэктары дыяцэзіяльных “Карытас” робяць справаздачу аб дзейнасці за мінулы год. Кіраўнікі “Карытас” дзяліліся сваімі дасягненнямі, радасцямі, а таксама планамі на будучы год. Можна было заўважыць, што кожны “Карытас”, робячы розныя праекты і дапамагаючы патрабуючым на свой лад, імкнецца да агульнай мэты ўсёй арганізацыі.
![]()
Як заўсёды перад Калядамі сям’я збіраецца разам, каб павіншаваць адзін аднаго і падзяліцца сімвалічным аплаткам, так і сям’я “Карытас” напрыканцы сустрэчы цёпла і пяшчотна склала адзін аднаму самые лепшыя пажаданні.
![]()
Фота Аляксандры Шчыглінскай, http://catholic.by/2/media/foto/category/3796.html






