Пры падтрымцы “Карытас” у Чавусах ужо рэалізавана некалькі сацыяльных праектаў. Самы значны з іх – гэта “Лінія жыцця”. У рамках гэтага праекта быў зроблены грунтоўны рамонт дамоў, у каторых жывуць сем’і з прыёмнымі дзецьмі.
Мэтай жа падарожжа стала дапамога сямі сем’ям перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. У кожнай сям’і свая гісторыя. Але іх яднае адно – ў пэўны момант яны апынуліся ў чужой краіне і амаль ні з чым. На радзіме яны пакінулі працу, гаспадарку, утульнае жыллё. Тут жа ім усё прыходзіцца пачынаць з пачатку. Большасць з перасяленцаў уладкаваліся працаваць у калгасы. Праца хоць і не высокааплочваемая, аднак дапамаглі з жыллём. Праўда, з жыллём не ўсё так проста. Яно ў большасці патрабуе грунтоўнага рамонту – сцены голыя, палы праваліліся, камунікацыі не падведзены. Ну і, вядома, ніякай мэблі. Аднак, гэта усё адно лепш, чым стрэлы і бомбы. Таму, паціху, сем’і робяць рамонт. За лета ужо многае ўдалося зрабіць – змяніць палы, паклеіць некаторыя пакоі, падвесці электрычнасць. Удалося нават завесці гаспадарку – і свінак, і курэй, і нават трусоў.
Яшчэ адным пункта падарожжа стала Чавусская раённая бальніца. Сюды “Карытас”прывез некаторае абсталяванне.
Таксама супрацоўнікі наведалі яшчэ аднаго падапечнага чавусскай парафіі – Алега Сакалова. У хлопца сумная гісторыя – яму 20 год і ён паралізаваны з-за пералома шыйнага пазванка. Даглядаць яго асабліва некаму – бацькі памерлі, ёсць толькі стрыечны брат, у якога свая сям’я. У хлопца пачалі з’яўляцца пролежні, таму яго забралі ў шпіталь на некалькі тыдняў, але ужо хутка ён вернецца дадому. Каб аблегчыць яго быт “Карытас” прывез спецыяльны ложак для ляжачых хворых, таксама інваліднае крэсла і прадметы асабістай гігіены. Але падрымалі хлопца не толькі неабходнымі рэчамі, але і добрымі словамі.
Вольга Лабуць, caritas-minsk.by