Міжнародны дзень правоў чалавека па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН штогод святкуецца 10 снежня. Таму што менавіта 10 снежня 1948 года была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Аб чым?
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды. Гэта значыць роўнасць перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і інш.
У Дэкларацыі заяўлена таксама, што ўсе людзі маюць роўныя правы, якія не залежаць ад іх асобасных адрозненняў і ад розніцы ў палітычных сістэмах іх краін. Дэкларацыя не носіць абавязковага характару. У аснову дакумента былі пакладзены ўсе наяўныя на той момант напрацоўкі чалавечай думкі ў гэтым пытанні. Гэта быў першы вопыт калектыўнай распрацоўкі універсальнага дакумента па правах чалавека.
Права № 1
Мы ўсе народжаны свабоднымі і роўнымі
Кожны з нас нарадзіўся свабодным. Кожны з нас мае ўласныя думкі і ідэі. Стаўленне да нас не павінна быць прадузятым.
Права № 2
Не падвяргай дыскрымінацыі іншых
Кожны чалавек павінен валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі, што абвешчаны гэтай дэкларацыяй, без якога б там ні было адрознення, як напрыклад у адносінах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча . Акрамя таго, не павінна праводзіцца ніякага адрознення на аснове палітычнага, прававога або міжнароднага статусу краіны або тэрыторыі, да якой чалавек належыць, незалежна ад таго, ці з'яўляецца гэтая тэрыторыя незалежнай, падапечнай, несамакіравальнай, або як-небудзь інакш абмежаванай у сваім суверэнітэце.
Права № 5
Катаванні забароненыя
Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, нялюдскаму або прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню і пакаранню.
Права № 10
Права на судовае разбіральніцтва
Кожны чалавек для вызначэння яго правоў і абавязкаў і для ўстанаўлення абгрунтаванасці прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана публічна і з захаваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом.
Права № 20
Права на свабоду сходаў
1. Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.
2. Ніхто не можа быць прымушаны ўступаць у якую-небудзь асацыяцыю.
Права № 30
Ніхто не можа адабраць у нас гэтыя правы і свабоды
Нішто ў гэтай дэкларацыі не можа быць патлумачана як прадастаўленне якой-небудзь дзяржаве, групе асоб або асобным людзям права займацца якой-небудзь дзейнасцю або ўчыняць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне правоў і свабод, што выкладзены ў гэтай дэкларацыі.
Па матэрыялах belhelcom.org