Для перамогі над СНІДам неабходна адзінства, адзначыў папа Францішак у пасланні скіраваным да ўдзельнікаў VIII Міжнароднай канферэнцыі па праблеме СНІДу, якая прайшла 19-22 ліпеня 2015 г. у канадскім Ванкуверы. Зварот Пантыфіка быў скіраваны за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.
Святы Айцец выказаў падтрымку і павагу ўсім, хто прысвяціў сябе ратаванню хворых на СНІД, асабліва праз высокаактыўную антырэтравірусную тэрапію і прафілактычныя дзеянні.
Гэтыя меры сведчаць пра “магчымасць пазітыўнага выніку, калі ўсе сектары грамадства яднаюцца для дасягнення супольнай мэты”, гаворыцца ў пасланні. Папа запэўніў таксама ў сваёй малітве, каб “усім дасягненням у фармакалогіі, тэрапіі і даследваннях, спадарожнічала рашучае імкненне спрыяць цэласнаму развіццю кожнай асобы”.
Каталіцкія арганізацыі прымаюць актыўны удзел у барацьбе са СНІДам, асабліва ў Трапічнай Афрыцы, якая застаецца эпіцэнтрам вірусу. Больш за 25% структур у свеце, якія дапамагаюць хворым на СНІД, з’яўляюцца каталіцкімі.
Па матэрыялах be.radiovaticana.va