26 лістапада супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» на чале з дырэктарам братам Андрэем Жылевічам OFM Cap наведалі «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў» і інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі».
Мэтай наведвання гэтых інтэрнатаў было знаёмства з працай устаноў падобнага тыпу, а таксама аказанне гуманітарнай дапамогі.

«Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў», які знаходзіцца ў Мінску, з'яўляецца медыка-сацыяльнай установай, прызначанай для пастаяннага і часовага пражывання састарэлых і інвалідаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, бытавым і медыцынскім абслугоўванні. Усяго ў доме-інтэрнаце можа знаходзіцца 405 чалавек.

Дырэктар дома-інтэрната правяла невялікую экскурсію, паралельна распавёўшы пра структуру працы ўстановы, а таксама пра тое, у чым інтэрнат мае патрэбу.
«Дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў» «Карытас» аказаў гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення, якое будзе размеркавана паміж падапечнымі інтэрната. Дырэктар дома-інтэрната адзначыла, што «Карытас» дапамагае не толькі іх установе – прадстаўленая гуманітарная дапамога зніжае нагрузку на бюджэт г. Мінска, гэта значыць, што «Карытас» дапамагае і дзяржаве.

Інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі» – недзяржаўная ўстанова, якая функцыянуе за кошт спонсараў і валанцёрскай працы. У інтэрнаце з 7.30 да 17.00 знаходзяцца дзеці-інваліды і маладыя інваліды, што дае магчымасць іх бацькам хадзіць на працу, таму што пенсіі па інваліднасці на жыццё не хапае. З дзецьмі займаюцца, кормяць, а таксама гуляюць. У інтэрнаце есць сэнсарны пакой, створаны сваімі сіламі, трэнажорная зала, у якой вельмі любяць займацца дзеці, шмат пакояў для гульняў і адпачынку. Кожны дзень з дзецьмі праводзяцца творчыя заняткі – маладыя інваліды пад кіраўніцтвам работнікаў «Вострава надзеі» вырабляюць працы з бісеру, гліны, паперы і г. д. Таксама ў інтэрнат прыходзяць маладыя валанцёры, якія спяваюць з дзецьмі песні і гуляюць.

Калі супрацоўнікі «Карытас» прыйшлі ў інтэрнат, дзеці адразу пазналі сваіх сяброў: з гасцямі прыйшлі тыя самыя валанцёры, што з імі займаюцца. Дзеці іх памятаюць і вельмі любяць.

Дырэктар інтэрната добра ведае аб праблемах маладых інвалідаў і іх бацькоў, бо сама выгадавала дзіця-інваліда. Супрацоўнікаў «Карытас» правялі па ўсіх пакоях інтэрната, пазнаёмілі з дзецьмі і супрацоўнікамі. Усе сцены ў інтэрнаце ўпрыгожаны вырабамі дзяцей, а самыя вялікія сцены размалявалі валанцёры. Дырэктар распавяла, што не так даўно валанцёры намалявалі на сцяне вялікага анёла. Малюнак знаходзіцца па дарозе ў сталовую. У інтэрнаце ёсць некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ведаюць малітву «Ойча наш», і яны спыняюцца і моляцца перад малюнкам анёла. Астатнія дзеці разумеюць, што адбываецца нешта важнае, і паводзяць сябе вельмі ціха.
У інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі» супрацоўнікі «Карытас» прывезлі розныя канцылярскія прылады: альбомы для малявання, алоўкі, ручкі, фламастары, клей, нажніцы, кардон, каляровую паперу і г. д. Усе гэтыя рэчы неабходныя для працы з дзецьмі.

Гэты дзень быў насычаным, цікавым і вельмі плённым. Так, «Карытас» трохі дапамог двум інтэрнатам. Але так шмат усяго яшчэ трэба зрабіць...

 

Паводле caritas-minsk.by

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы