14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца выдатнае свята- Дзень матулі. Дзень, калі кожнае дзіця хоча асаблівым чынам адудзячыць сваёй матулі за дар жыцця, за любоў, клопат і падтрымку. У кожнай сям'і гэта свята адзначаецца па-рознаму. Некаторыя дзеці рыхтуюць для мамы святочныя паштоўкі, хтосьці распавядае прыгожы вершык, вывучаны спецыяльна да гэтага дня, збіраюць букеты з апалага лісця і рыхтуюць святочную вячэру.  

Таццяна Юхновіч, маці 4 прыгожых дзетак, дзеліцца з намі, як гэта быць шматдзетнай маці сёння.

-Добры Дзень, Таццяна! Ад імя Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае таварыства  «Карытас»» ад усяго сэрца віншую вас з гэтым цудоўным днем, і з гэтай нагоды дазвольце задаць Вам некалькі пытанняў.

- Таццяна, у наш час шматдзетная сям’я- рэдкасць. Ведаю, што для многіх людзей Ваша сям'я з'яўляецца прыкладам шмат у чым. Скажыце, як і калі, вы з мужам вырашылі, што дзяцей у Вашай сям'і будзе шмат?

- Насамрэч, яшчэ да шлюбу, мы высветлілі, што ў нас будзе двое дзетак, хлопчык і дзяўчынка. Толькі дамовіліся, што розніца ў гадах у іх будзе невялікай, каб раслося весялей. Так што нашае бачанне шчаслівай сям’ і было досыць стэрэатыпным. А шматдзетныя сем’і выглядалі дзівакамі, небаракамі, нешчаслівымі… Паступова нашы погляды змяняліся. Дзень нашага шлюбу стаўся днём нашай першай камуніі, пачаткам навяртання. Шэсць гадоў у нас не было дзетак. І зараз я ўдзячна Богу за гэты час чакання, які паяднаў нас з мужам у веры, навучыў казаць Богу “так”. Я памятаю ўнутрана пагадзілася на 3-4 дзетак паглядзеўшы “Хронікі Нарніі”: так спадабаліся гэтыя чатыры героі Льюіса. І зараз няма пытання прыняць дзіця ці не. Для мяне цяжка кожны раз пагадзіцца на цярпенні цяжарнасці, унутрана абураюся і бунтуюся.

- Кажуць, што адзінае дзіця ў сям'і часта вырастае эгаістам, а дзеці са шматдзетных сем'яў больш дружныя, лягчэй знаходзяць кантакт з аднагодкамі і больш дапамагаюць бацькам. У вас чацвёра дзетак, нядаўна нарадзіўся малодшанькі, скажыце, як рэагуюць вашыя старэйшыя дзеці на з'яўленне малодшых у сям'і? Ці дапамагаюць яны прыглядаць за малодшымі?

- Мы заўжды падчас цяжарнасці з мужам маліліся, каб не было рэўнасці, каб дзеці сябравалі. І  па нараджэнні не “пераключаліся” на немаўлятка. Адчувалася аднак, што дзеткі крыху няўпэўнена пачуваліся, губляючы свой ранейшы статус. Я бачу, што і наш  Стасік (трэці), зараз звыкаецца з роляй старэйшага. Але ў дзетак такое пазітыўнае стаўленне да Яна і ўвогуле да папаўнення сям’і. Бо амаль усе нашы сябры маюць шматдзетныя сем’і, і для нашых дзетак гэта выглядае натуральна, і  немаўляткам яны выхваляюцца перад сябрамі . Так у адной сям’і старэйшы сын (6 гадоў), маючы трох меншых братоў, заявіў маме: “Ну, калі ў нас ужо будзе маленькі?!” Бо немаўляткі – асаблівыя, яны дораць надзвычай шмат радасці і замілавання. Як толькі Янка прачынаецца, то дзеці нясуцца да яго, жмакаюць, распавядаюць яму што-небудзь. А Янка маімі вуснамі “адказвае”: здзіўляецца, хваліць, хоча стаць вялікім, як яны, і ўсё ўмець. Такім чынам нівелюецца магчымая зайздрасць да меншага, гэта мне дапамагае з’яднаць дзетак і проста павесяліцца. Дзеці  імкнуцца дапамагаць мне з Янам, асабліва Сымон і Стас. Часам неабходна нешта зрабіць, а Янку ўжо не цікава ляжаць: пачынае непакоіцца, падплакваць. Я нават не прашу, а хтосьці ўжо яго забаўляе, толькі праз колькі хвілін удакладняе стомленым голасам: “Ну, калі ты ўжо возьмеш Янку”. Я не магу сказаць, што ў нас усё ідэальна: дзеці таксама сварацца паміж сабой, б’юцца, ім цяжка саступаць, раскідваюць цацкі і са скрыжатам парадкаюць іх. Але часамі праяўляюць такі кранальны клопат, салідарнасць, любоў.

-Кожнае дзіця- індывідуальнасць. Выкарыстоўваеце вы ўніверсальныя правілы выхавання або знаходзіце свой «ключык» да кожнага дзіцяці?

- Што да правілаў выхавання, то магу сказаць, што перачытала мноства розных кніг, і пэўны час спрабавала ўпомніць усе парады і правілы, дужа ад гэтага нервавалася і напружвалася. Бо хацелася ўсё зрабіць найлепш, правільна, каб выхаванне было паспяховым. Так як на свой вопыт з дзяцінства не меркавала абапірацца (але ён усе роўна выскоквае ў самыя нечаканыя моманты). Цяпер бачу, што рабіла гэта памылкова. Стала больш кіравацца ўнутраным чуццём. Бо ўсе дзеці розныя. Я нават здзіўляюся, якія мае дзеці непадобныя. І толькі любоў і адчуванне іншага можа быць правілам (калі так можна сказаць пра любоў). Гэтаму зараз і вучуся: углядацца і любіць.

-Многія сучасныя сем'і не вырашаюцца мець больш аднаго дзіцяці з-за фінансавых цяжкасцяў - не працуючая некалькі гадоў мама, куплі адзення-калясак-ровараў, школьныя выдаткі ... Як ваша сям'я вырашае фінансавае пытанне?

- Мы кіруемся словамі “ Бог даў дзіця, то дасць і на дзіця”. Мы не адчуваем сябе ў чымсьці абдзеленымі. Тут яшчэ ўся справа ў “апетытах”, каштоўнасцях. Можна так усебакова даразвіваць дзіця, што ні вы, ні яно не будзе мець і хвіліны спакою, а фінансаў на ўсіх не хопіць. Толькі ці ёсць у гэтым патрэба? Асабліва ў гэтак званым раннім развіцці. Мы мяркуем, што маюць рацыю тыя спецыялісты, што лічаць яго шкодным для развіцця эмацыйнай сферы чалавека. Усяму свой час. Што датычыць рэчаў, то мы тым-сім дзелімся паміж сем’ямі. Бываюць нечаканасці і сюрпрызы. І нішто так не радуе, як бачыш, што Бог ведае тваю патрэбу і клапоціцца пра цябе. Як спраўджваюцца ў тваім жыцці словы з Евангелля : “Дык вось, ня турбуйцеся і не кажыце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?». Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; бо ведае Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам. “(Паводле Мацьвея 6:31-33)  

-Адкажыце,калі ласка, што для вас сям'я і вера? Як вы злучаеце гэтыя два паняцці?

- Вера –гэта, тое што яднае нас з мужам, праз веру- мы аднадумцы, у нас агульныя каштоўнасці, агульная мэта жыцця. Сфера нашых зацікаўленасцяў збольшага таксама ў касцёльных клопатах і падзеях. Якім мы мяркуем прысвяціць больш часу, як падрастуць дзеткі. Вера – гэта тое, што яднае нас і нашых сяброў. Вера дазваляе з большым супакоем перанесці бясконцыя хваробы нашых дзяцей. Яна напаўняе сэнсам штодзённыя аднолькавыя клопаты.

- Штоб вы хацелі парадзіць маладым сем'ям?

- Параю заўжды памятаваць, што сужэнец вас кахае, нават калі ў гэта не верыцца, асабліва падчас непрыемнай спрэчкі. І нішто не прыносіць столькі радасці, як умешка маленькага дзіцяткі. Таму  жадаю вам многа радасці і ўсмешак.

Хочацца пажадаць ўсім Матулям вялізнага мацярынскага шчасця, моцнага здароўя, любові і дапамогі ад удзячных дзяцей, мудрасці і цярпення ў іх выхаванні! Няхай Добры Бог дапамагае і умацоўвае Вас у Вашых клопатах і справах! 

  

 

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы