1 кастрычніка 2015 года дэкрэтам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, на пасаду дырэктара Рэлігійнай місіі “Дабрачынннае каталіцкае таварыства Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў прызначаны а. Андрэй Жылевіч OFMCap.

Айцец Андрэй Жылевіч OFMCap нарадзіўся 19 чэрвеня 1979 года ў в. Каменчане, Ліпнішкаўскай парафіі, Гродзенскай дыяцэзіі.

У 1996 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў. 

У 2001 годзе склаў вечныя шлюбы, а ўжо 22 мая 2004 года ў г. Маладзечна прыняў святарскія пасвячэнні з рук Я. Э. Антонія Пацыфіка Дыдыча Біскупа Драгічынскага.

У 2004 годзе быў накіраваны ў кляштар у г. Докшыцы, дзе быў вікарыем парафіі і настаяцелем кляштара.

З 2009 па 2013 г. а. Андрэй Жылевіч OFMCap займаў пасад віцэправінцыяльнага міністра Віцэправінцыі ў Беларусі, з лістапада 2013 г. па 23 лютага 2015 г. выконваў абавязкі кусташа Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Ад 2012 года знаходзіўся ў Мінску.

22 кастрычніка 2014 года быў абраны дарадцам і прадстаўніком ад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі» 

Ад 1 кастрычніка 2015 году- дырэктар Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае Каталіцкае Таварыства Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Нагадваем, што дагэтуль дырэктарам “Карытас” Мінска-Магілеўскай архі-дыяцэзіі быў кс. Аляксандр Фамяных. Кс. Аляксандр нёс сваю паслугу з 2009 г., за час Яго працы  была рэалізавана вялікая колькасць праэктаў і праграм: “Сацыяльны прытулак”, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця дзяцей-сірот; “Дзіцячы пансіён”, накіраваны на аздараўленне дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і дапамогу інвалідам; “Адпачынак інвалідаў” – адпачынак і сацыяльная інтэграцыя маладых інвалідаў; праграма “Крок наперад” накіраваная на павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў дзяржаўных сацыяльных устаноў, псіхалагічную і інфармацыйную падтрымку бацькоў і падрыхтоўку маладых інвалідаў да працы; “Ганчарная майстэрня”, “Адрасная дапамога”, праца са шматдзетнымі сем’ямі, валанцёрамі, супрацоўніцтва са  “Службай сацыяльнай дапамогі Мальтыйскага ордэну” (Германія) і многае іншае.

Дзякуем Вам, кс. Аляксандр, і жадаем Вам Божага благаслаўлення, моцнага здароўя, і поспехаў у Вашай далейшай дзейнасці.

Святая Імша ,падчас якой ўступаў у сваю пасаду новы дырэктар, прайшла сёння, 1 кастрычніка, у офісе "Карытас" Мінска-Магілёўскай архі-дыяцэзіі. Падчас св. Эўхарыстыі ўсе прысутныя дзякавалі Богу за дар служэння кс. Аляксандра і прасілі аб усіх неабходных дарах Духа Святога для айца Андрэя. На св. Імшы прысутнічаў таксама канцлер Мітрапалітальнай курыі кс. Дзмітрый Пухоўскі, які падчас гаміліі звярнуў асаблівую ўвагу на постаць св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая з'яўляецца вялікім прыкладам Любові.

"Для таго, каб дапамагаць бедным і тым, хто жыве ў нястачы, трэба ў першую чаргу самому быць напоўненым гэтай Любові. Эўхарыстыя- цэнтр нашага жыцця, таму і збіраемся вакол Хрыстовага алтара, каб папрасіць Яго аб усіх неабходных ласках для нас саміх."- адзначыў напрыканцы св. Імшы а. Андрэй Жылевіч OFMCap.

     

   

 

Хачу дапамагчы

Хачу стаць валанцёрам!

Прашу дапамагчы