“Які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія зараз падрастаюць?” (160). Гэтае пытанне знаходзіцца ў сэрцы “Laudato si’” – доўгачаканай энцыклікі папы Францішка аб клопаце пра супольны дом чалавецтва. І Пантыфік працягвае: “Гэтае пытанне тычыцца асяроддзя не толькі ў вузкім сэнсе, бо немагчыма разглядаць яго ізалявана”, а вядзе да разважання пра сэнс жыцця і каштоўнасці, якія закладзены ў фундамент сацыяльнага існавання: “Дзеля якой мэты мы прыйшлі ў гэты свет? Дзеля чаго працуем і за што змагаемся? Чаму гэтая зямля мае патрэбу ў нас?”. “Калі мы не паставім перад сабой гэтыя глыбокія пытанні, – піша Пантыфік, – не думаю, што наш клопат пра экалогію зможа прынесці значныя вынікі”.
Энцыкліка бярэ сваю назву з воклічу св. Францішка “Laudato si’, mi’ Signore” (“Будзь праслаўлёны, мой Пане!”), які ў “Гімне стварэнню” нагадвае, што зямля, наш супольны дом, – гэта “і сястра, з якой мы раздзяляем існаванне, і цудоўная маці, якая прымае нас у абдымкі” (1). Мы самі “з’яўляемся зямлёй (пар. Быц 2, 7). Само наша цела складаецца з элементаў планеты, яе паветра дае нам дыханне, яе вада ажыўляе нас і абнаўляе” (2).
Сёння гэта зямля, зневажаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце. Папа Францішак заахвочвае прыслухацца да іх і заклікае ўсіх – кожнага асобнага чалавека, сем’і, мясцовыя супольнасці, народы і міжнародную супольнасць – да “экалагічнага навяртання”, як казаў св. Ян Павел ІІ, да “змены маршруту”, прымаючы на сябе прыгожы і адказны “клопат пра супольны дом”. У той жа час папа Францішак прызнае, што ў адносінах да навакольнага асяроддзя і клопату аб прыродзе “назіраецца ўзрастанне адказнасці, сталее шчырая і балючая заклапочанасць тым, што адбываецца з нашай планетай” (19). Пантыфік дзеліцца сваімі спадзяваннямі, якія прасякаюць усю энцыкліку, і дасылае ўсім яснае і поўнае надзеі пасланне: “Чалавецтва яшчэ мае здольнасць супрацоўнічаць у будаванні нашага супольнага дома” (13); “чалавек яшчэ здольны на станоўчае ўмяшанне” (58); “не ўсё страчана, таму што людзі, здольныя да крайняй дэградацыі, таксама могуць пераўзысці сябе, нанова рабіць выбар на карысць дабра і адраджацца” (205).
Папа Францішак звяртаецца перш за ўсё да веруючых католікаў, паўтараючы словы св. Яна Паўла ІІ: “Хрысціяне ў першую чаргу ўсведамляюць, што іх заданне адносна стварэння, іх абавязкі ў адносінах да прыроды і Створцы з’яўляюцца часткай іх веры” (64). Але Пантыфік прапануе “ўвайсці ў дыялог з усімі пра наш супольны дом” (3). Дыялог прасякае ўвесь тэкст, а ў пятай главе ён прапануецца як прылада для адказу на праблемы і іх вырашэння. Ад самага пачатку папа Францішак нагадвае, што таксама “іншыя Цэрквы і хрысціянскія супольнасці – як і іншыя рэлігіі, – развілі глыбокую заклапочанасць і каштоўнае разважанне” на тэму экалогіі (7). Больш за тое, ён адзначае іх выключны ўклад, пачынаючы ад “дарагога Экуменічнага Патрыярха Барталамея” (7), якога шырока цытуе ў восьмым і дзявятым раздзелах. Пантыфік неаднаразова дзякуе абаронцам экалогіі – як прыватным асобам, так і асацыяцыям і арганізацыям, – прызнаючы, што “разважанні шматлікіх навукоўцаў, філосафаў, тэолагаў і грамадскіх арганізацый узбагацілі навучанне Касцёла ў гэтых пытаннях” (7). Папа таксама заклікае ўсіх прызнаць “багацце, якое рэлігіі могуць даць інтэгральнай экалогіі і поўнаму развіццю чалавечага роду” (62).
У сваім лісце да Энцыклікі “Laudato si’” кардынал Тагле, дырэктар “Карытас” Інтэрнацыяналіс, падкрэслівае яе важнасць ў адносінах праграмы “Адна чалавечая сям'я, ежа для ўсіх”. “У Энцыкліцы “Laudato Si '” Папа Францішак нагадвае нам, што мы павінны змяніць выкарыстоўванне на пачуццё ахвярнасці, сквапнасць шчодрасцю і марнатраўства духам сумеснага выкарыстання. Мы павінны "даваць, а не проста кідаць". Мы закліканы вызваліць сябе ад усяго, што з'яўляецца цяжкім, адмоўным і марнатраўным, і ўступіць у дыялог з нашай усеагульнай сям'ёй. “Карытас” з'яўляецца жывым Словам Бога ў бедных суполках свету. Гэта вольна цякучая рака любові і надзеі, якая сілкуе і мае велізарныя прыродныя сілы, каб выклікаць змены”.
“Стратэгічная праграма “Карытас” Інтэрнацыяналіс на наступныя чатыры гады завецца: "Адна чалавечая сям'я - клопат пра свет", - адзначае ў сваім лісце Генеральны сакратар “Карытас” Інтэрнацыяналіс Мішэль Рой. “Менавіта таму мы з велізарнай радасцю чытаем “Laudato Si '” - новую энцыкліку Папы Францыска аб клопаце за нашым агульным домам. Словы Папы дадаюць сілы нашым праектам, і будуць памочнікам у нашай місіі. Гэта энцыкліка будзе крыніцай натхнення, будзе вызначаць нашу працу ў найблізкія гады".
Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, Caritas Internationalis