Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» скончыла праект па аснашчэнню гульнявога пакоя ў дзіцячым афтальмалагічным аддзяленні Гомельскай абласной клінічнай спецыялізаванай бальніцы. Па словах бацькоў і лекараў аддзялення, дзеці кожны дзень з нецярпеннем чакаюць гульняў і заняткаў у гульнявой. У першую чаргу таму, што цяпер там стала больш светла і з'явілася шмат цікавых гульняў. Лекары рады, што ў гульнявой з'явілася больш матэрыялаў з дробнымі дэталямі, што вельмі карысна і неабходна дзецям асабліва пасля аперацый.
Таксама былі закуплены кампутары і ноўтбукі для дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення, што дало магчымасць загрузіць для дзяцей новыя праграмы для прафілактыкі, лячэння і паляпшэння зроку. Дзякуючы набытым ноўтбукам, якія лёгка пераносіць з месца на месца, лячэнне можна праводзіць не толькі ў першай палове дня, калі адкрыты спецыяльны пакой, але і ў другой палове дня і вечарам. Гэта палепшыла якасць лячэння і прафілактыкі, а таксама дало магчымасць абслугоўваць больш дзяцей.
- Галоўнай нашай мэтай было паляпшэнне ўмоў лячэння і знаходжання дзяцей. Таксама ў гэтым годзе мы ўжо пачалі рамонт пакоя сустрэч бацькоў з дзецьмі. Гэты пакой ўжо чакаюць з нецярпеннем дзеці, бацькі і лекары аддзялення, - адзначылі ў ДКМ «Карытас-Міласэрнасць».
За апошнія 9 месяцаў 2014 года тут пралячылі 1100 чалавек, з іх 49 - з дзіцячых дамоў і 32 дзіцяці-інваліда па зроку. Па кансультацыі звярталася каля 8100 чалавек. Пры знаходжанні ў аддзяленні дзіцяці за 14 дзён бацькі наведваюць яго 3-4 разы, што ў год складае 3 - 3,5 тысяч наведванняў. Бацькам часта даводзіцца чакаць дзіцяці на калідоры. Таму бальніцы неабходны пакой для наведванняў, які таксама будзе выконваць інфармацыйныя функцыі па прафілактыцы пагаршэння зроку, лячэбнай гімнастыцы і лячэнні дзіцяці ў хатніх умовах. У дадзеным пакоі можна будзе і праводзіць кансультацыі з лекарам:
- Таму мы спадзяемся, што пры з'яўленні такога пакоя сустрэч будзе палепшана арганізацыя работы дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення падчас знаходжання ў ім наведвальнікаў і дзяцей, а таксама сама праца персаналу.
Па матэрыялах katolik-gomel.by