26 лютага адбыўся маніторынг дзейнасці «Карытас» Пінскай дыяцэзіі ў цэнтры “Карытас” а\г Чарнаўчыцы. Асноўнымі былі абраны наступныя напрамкі: справаздача аб дзейнасці за 3 гады, цяжкасці, якія ўзнікалі падчас працы, планы і перспектывы на будучыню.
Ардынарый Пінскай дыяцэзіі ксёндз Біскуп Антоні Дзям'янка распачаў паседжанне супольнай малітвай і благаслаўленнем на прадуктыўную працу.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся дырэктар “Нацыянальнага Карытас” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён адзначыў, што на сённяшні дзень праводзіцца маніторынг дзейнасці ўсёй арганізацыі. Падобныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі і “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Усе атрыманыя дадзеныя неабходны для распрацоўкі стратэгічнага плана развіцця арганізацыі на наступныя 5 гадоў, што запланавана на 2-3 квартал 2015 года.
Са справаздачай аб праведзенай працы і планам на далейшае развіццё выступіў дырэктар “Карытас” Пінскай дыяцэзіі ксёндз-дэкан Павел Халяўкін. Ад “Карытас Міласэрнасць” г. Гомеля з дакладам выступіла дырэктар Валянціна Казлова.
Пра працу Лагішынскага “Дому міласэрнасці” расказаў дырэктар Аляксандр Фядковіч. Уласнікамі “Дома міласэрнасці” для састарэлых і адзінокіх людзей з'яўляюцца ксяндзы манаскага ордэна Арыяністаў, каардынатарам якога на Беларусі з'яўляецца пробашч парафіі Святых Пятра і Паўла ў Лагішыне кс. Тадэуш Шэшко.
Сястра Валерыя ад Кангрэгацыі сясцёр Місіянерак Святой сям'і азнаёміла прысутных з дабрачыннай працай, якую яны праводзяць.
Напрыканцы паседжання дырэктар дырэктар “Карытас” Пінскай дыяцэзіі ксёндз-дэкан Павел Халяўкін падзякаваў усіх прысутных за плённую сумесную працу, за ўдзел у мерапрыемстве дырэктару “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталію Дабраловічу. Таксама выказаў надзею, што пры супрацоўніцтве ўсіх “Карытас” і пад кіраўніцтвам Старшыні Рады па справах Дабрачыннай дзейнасці ксяндза Біскупа Антонія Дзям'янкі дабрачыннасць будзе ісці ў нагу з часам і пашыраць дыяпазон сваёй дзейнасці.