14 снежня ў Моладзевым араторыі імя св.Яна Боско Дабрачыннай каталіцкай арганізацыяй “Карытас” было праведзена свята для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але таксама для дзяцей і іх бацькоў стала сапраўдным падарункам на Каляды.
Напачатку, дырэктар Нацыянальнага “Карытас” у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB павітаў усіх прысутных і падзякаваў, што яны знайшлі час, каб прыйсці на свята. “Мы знаходзімся ў Араторыі, мейсцы, дзе збіраецца моладзь і дзеці, каб пагуляць і правесці час разам. А сёння моладзь, дзеці і іх бацькі прапануюць вам казку “Шлях у Бэтлеем”. Няхай для вас, дзеткі і дарослыя, гэтая казка будзе момантам, калі вы можаце паразважаць, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні гэтага свету, з якімі мы сутыкаемся ў нашай штодзённасці, мы павінны заўсёды шукаць свой шлях і ісці па ім, якім бы цяжкім ён ні здаваўся.”, адзначыў кс. Віктар.
“Шлях у Бэтлеем” – гэта гісторыя пра падарожжа Восліка ў Бэтлеем, дзе яго чакаюць розныя выпрабаванні, часам небяспечныя, але заўсёды цікавыя. Асноўны сэнс гэтых выпрабаванняў вечны, як сам Бог – Дабро заўсёды перамагае Зло, якім бы моцным яно не было.
Пасля спектакля для ўсіх прысутных быў арганізаваны салодкі стол, танцы і спевы, а маленькія гледачы мелі магчымасць зрабіць прыгожыя фотаздымак з героямі спектакля. У канцы мерапрыемства кожнае дзіцё атрымала каштоўны падарунак: кнігу “ Я – гэта Я” і смачныя пачастункі.
Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” выказвае сваю ўдзячнасць КУП "Віцебскі кандытарскі камбінат "Віцьба" і ААТ «Лідахарчканцэнтраты», якія выступілі спонсарамі салодкага стала.
Шчыра спадзяемся, што у сэрцах дзяцей і іх бацькоў гэтае свята пакінула незабыўныя пачуцці і эмоцыі.