14 снежня на тэрыторыі касцёла свв. Сымона і Алены прайшла дабрачынная Калядная акцыя “Бэтлеемская зорка”, арганізатарам якой выступіла Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас”.
На працягу апошняга месяца валанцёры і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі з “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі і “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рабілі Калядныя падарункі, якія людзі мелі магчымасць набыць падчас акцыі. Таксама кожны жадаючы мог больш даведацца пра дзейнасць “Карытас”.
Ганна, адна з валанцёраў “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, падзялілася сваімі ўражаннямі: “На мой погляд, такія акцыі вельмі важныя і дзейсныя, бо ўсе мы разам робім дабро на карысць дзяцей і моладзі, каб падараваць ім радасць на Каляды. Жадаю Дабрачыннай арганізацыі “Карытас” развіцця. Развіцця для супрацоўнікаў і валанцёраў, перш за ўсё, духоўнага, каб як мага больш людей прымалі актыўны ўдзел у акцыях”.
“Гэта першы вопыт правядзення такой акцыі. І мы вельмі спадзяемся, што не апошні”, – выказалі свае меркаванні арганізатары акцыі. “ Мы вельмі удзячны кожнаму, хто прынял удзел у мерапрыемстве, бо падчас падрыхтоўкі да Калядаў кожны можа падараваць частку свайго сэрца іншаму. І мы маем надзею, што сродкі, якія былі сабраны сёння, паспрыяюць таму, каб на вачах дзетак заўседы блішчала усмешка”.
Ахвяраванні ад продажу свечак і падзелак пойдуць на святочныя ініцыятывы «Карытас» і падарункі дзецям з малазабяспечаных сем'яў на Божае Нараджэнне.