Самыя цёплыя і светлыя ўспаміны ў нас звязаны з мамай, яе дабрынёй, мудрасцю, цярплівасцю. З тым, што яна дала нам не толькі жыццё, але і першыя ўрокі духоўнасці. Таму Дзень маці — гэта цудоўная нагода шчыра падзякаваць, папрасіць прабачэння, павіншаваць, падарыць кветкі, праявіць клопат, яшчэ раз прызнацца ў сваіх самых лепшых да яе пачуццях.
Шчаслівыя, радасныя твары дзяцей — найлепшы падарунак для маці. А асабліва для матуль, дзеці ў якіх маюць праблемы са слыхам. Менавіта для такіх сем’яў было арганізавана свята супрацоўнікамі арганізацыі “Карытас” сумесна з дабрачынным гуманітарным мясцовым фондам “Гармонія гукаў”. Для дзетак і іх бацькоў была арганізавана экскурсія ў музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі». Для гэтых дзетак наведванне такіх экскурсій сумесна з дзецьмі са звычайных школ немагчыма, бо большасць з іх мае патрэбу ў суправаджэнні.
Напачатку з прывітальным словам да ўсіх бацькоў і дзяцей звярнуўся дырэктара Нацыянальнага “Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч, SDB. Ён павіншаваў усіх матуль са святам, пажадаў усім добрага настрою і радасці, а таксама дадаў, што склалася вельмі добрая традыцыя адзначаць гэта свята суместна з дабрачынным гуманітарным фондам “Гармонія гукаў” і бацькамі. Ксёндз Віктар Гайдукевіч выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва і жаданне праводзіць суместныя акцыі і ў будучыне.
Падчас экскурсіі дзеці і іх бацькі даведалілся шмат цікавага з гісторыі беларускага края, таксама мелі магчымасць акунуцца ў займальны свет старадаўняга побыту і прафесій і прадэгуставаць самабытныя стравы. Ад арганізацыі “Карытас” дзеткі атрымалі каштоўныя падарукі, адным з якіх былі батарэйкі для слыхавога апарата, без якіх яны не маюць магчымасці быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі грамадства.
Наталля, маці аднаго з выхаванцаў фонда “Гармонія гукаў”, падзялілася, што ёй вельмі падабаюцца святы, арганізаваныя суместна з дабрачыннай арганізацыяй “Карытас”. “У мінулым годзе прымала ўдзел у канцэрце і ён мне вельмі спадабаўся, свята было проста дзівоснае”, — прызналася яна. Наталля лічыць, што такія мерапрыемствы вельмі карысныя як для дзяцей, якія могуць пагутарыць, так і для бацькоў, бо яны пазнаюць шмат новага. “У першую чаргу, хочацца падзякаваць “Карытас” за свята і падарункі. Жадаю вам поспехаў і ўсяго самага найлепшага”.
Падчас пікніка для бацькоў карысным момантам была размова з педагогамі фонда “Гармонія гукаў” на тэмат “Актуальныя пытанні слыхамаўленчай рэабілітацыі дзяцей з КІ (кахліярнымі імплантамі)” і таксама магчымасць падзяліцца вопытам і набыць новыя веды адносна гэтага пытання. А для дзяцей валанцёры падрыхтавалі розныя цікавыя гульні і сюрпрызы.
Поўныя радасці і шчасця, дзеці і іх бацькі паехалі дамоў і хочацца верыць, што атрыманы аптымізм і надзея на светлую будучыню будуць заўсёды палаць у іх сэрцах.