З 3 па 5 верасня 2014 года ў Фрайзінгу (Германія) адбыўся 18-ы Міжнародны кангрэс «Renovabis». Тэма мерапрыемства – узаемаадносіны паміж Касцёлам і касцёльнымі СМІ.
У ходзе працы кангрэса, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі 29 краін Еўропы, а таксама ЗША, — святары і кансэкраваныя асобы, каталіцкія і свецкія журналісты, навукоўцы і медыяэксперты — былі абмеркаваны хвалюючыя пытанні аб сумеснай працы паміж Касцёлам і СМІ як свецкімі, так і каталіцкімі.
У форуме прымаў актыўны ўдзел ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB – дырэктар «Нацыянальнага Карытас», які даў сваю ацэнку дадзенай праблеме.
“Для нашай арганізацыі сродкі масавай інфармацыі, асабліва Інтэрнэт, з’яўляюцца пляцоўкай для двухбаковых зносін паміж людзьмі, якія шукаюць дапамогі, і тымі, якія гатовыя яе аказаць. Таму нам, як дабрачыннаму таварыству, трэба асэнсаваць нашу прысутнасць у Інтэрнэце і сацыяльных сетках. У межах магчымага нам трэба выкарыстоўваць мас-медыа, каб як мага больш людзей мелі магчымасць атрымаць неабходную дапамогу.”